Вялікі пост пачынаецца ў праваслаўных вернікаў

27 февраля 2023

27 лютага ў праваслаўных вернікаў пачынаецца Вялікі пост. Гэта час малітваў, служб, духоўных і цялесных подзвігаў, які завяршаецца Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем - Вялікаднем, піша БелТА. 

Вялікі пост самы строгі і доўгі са шматдзённых пастоў праваслаўнай царквы. Ён працяваецца сем тыдняў. Сёлета Вялікі пост прадоўжыцца з 27 лютага па 15 красавіка. 

Гэты пост называецца Вялікім не толькі з-за працягласці і строгасці, але і з-за яго вялікага значэння ў жыцці праваслаўнага хрысціяніна. Галоўнымі задачамі ў перыяд Вялікага посту з'яўляюцца ўзмоцненая малітоўная практыка, пакаянне ў грахах і адрачэнне ад мітусні.

Падчас Вялікага посту, згодна з царкоўным статутам, нельга ўжываць у ежу прадукты жывёльнага паходжання - мяса, малако, яйкі і рыбу. З панядзелка па пятніцу, калі на гэтыя дні не прыпадае якое-небудзь свята, неабходна адмаўляцца і ад алею. Серада і пятніца - дні сухаядзення. Варанай можна есці толькі гародніну. У нядзелю дазволена нямоцнае віно ў невялікіх колькасцях. Рыба дазваляецца ўсяго двойчы - на Дабравешчанне і Вербніцу. 

Магчымыя і паслабленні ў посце, якія залежаць ад здароўя чалавека і роду яго дзейнасці. Пост аблягчаецца для хворых, састарэлых, цяжарных жанчын, людзей, занятых цяжкай працай. 

Многія вернікі першыя трое сутак увогуле не ядуць. 

Гаворачы пра Вялікі пост, праваслаўныя багасловы падкрэсліваюць, што аскеза павінна праяўляцца не столькі ў правільнай дыеце (як памылкова лічаць многія), колькі ў духоўным засяроджванні. У гэты перыяд вернікі разважаюць пра сэнс жыцця, пра душу, пра дабро і зло. У дні Вялікага посту хрысціянам рэкамендуецца адмовіцца ад забаўных мерапрыемстваў, курэння, ужывання алкаголю. Абавязкова трэба засяродзіцца на сваім унутраным стане і змагацца з праяўленнямі гневу, крыўды, асуджэння.

 Царква вучыць, што галоўнае ў Вялікім посце - чысціня духоўная. Глыбінная сутнасць поста ў тым, каб чалавек узвысіўся маральна, ачысціў сваю душу, прасякнуўся любоўю і літасцю да навакольных.