Найвялікшая сусветная святыня - Дары вешчуноў - у Мінску

19 января 2014
Да галоўнай падзеі тыдня ў жыцці хрысціян. 500 гадоў гэтыя святыні не пакідалі сцен Афонскага манастыра ў Грэцыі. І вось яны ў нас. Усе ведаюць, што да нованароджанага Хрыста прыйшлі вешчуны, але якія дары яны яму паднеслі, памяталі нямногія. А гэта тры ключавыя біблейскія сімвалы. Золата - цару, ладан - богу і смірна як знак тленнасці чалавечага быцця.

Для большасці вернікаў гэта не столькі гістарычны артэфакт, гэта надзея на цуд. Ужо ў аэрапорце Дары сустракаў натоўп, каб дакрануцца, прыкласці абразок. У гэтыя хвіліны да каўчэга ў Доме міласэрнасці ідуць людзі, і гэты паток не заканчваецца.

Пра сілу веры і рух да цуду - Юлія Чаргінец.

Ведалі, што святыню прывязуць у Мінск толькі к вечару, але прыходзілі на досвітку да Дому міласэрнасці. Паводле слоў вернікаў, прычына ранняга чакання - перапоўненасць пачуццямі, якія немагчыма стрымліваць у сценах дома.

На праваслаўнае Раство Дары вешчуноў упершыню вывезлі за межы Грэцыі. Першыя змаглі прыкласціся ў храмах Масквы, пазней Санкт-Пецярбурга. Да нас жа прыляцелі разам з маразамі на адно з галоўных хрысціянскіх святаў - Вадохрышча. Такое супадзенне толькі ўзмацняе радасць падзеі. Асаблівасць прывезеных Дароў і ў тым, што яны аднолькава дорагі для ўсіх хрысціян.

З нагоды прыбыцця Дароў у Беларусь проста ў будынку аэрапорта кароткае набажэнства. Далей картэж з рэліквіямі накіраваўся на месца свайго тыднёвага знаходжання - у мінскі Дом міласэрнасці. Тут для пакланення святыню ўсталявалі на пастамент у храме праведнага Іова Шматпакутнага.

Пасля набажэнства доступ да рэліквій адкрылі для ўсіх ахвотнікаў. З першага вечара ў шматтысячнай чарзе - сем'і з аднагадовымі дзецьмі. Ёсць сярод вернікаў і тыя, хто ідзе за Дарамі ўсім іх маршрутам з Расіі ў Беларусь, едуць пасля Мінска ва Украіну ў Кіева-Пячэрскую лаўру, куды Дары адправяцца 24 студзеня. Да гэтага ж часу з васьмі раніцы да дзесяці вечара можна пакланіцца святыні ў Доме міласэрнасці.

З першага вечара наплыў вернікаў змяніў часавы графік доступу да святыняў. Дзверы храма зачынілі толькі пасля паўночы. Ізноў вернікі сталі збірацца к чатыром раніцы.
Да Дароў запускаюць невялікімі групамі. Каб чарга прасоўвалася дынамічна, людзям дапамагаюць святары з мінскіх прыходаў, валанцёры.

Мароз, снегапад, вецер, усялякія напасці надвор'я не пужаюць вернікаў, якія стаяць кіламетровыя чэргі, яны цягнуцца ад станцыі метро Усход да Дома міласэрнасці. Дакрануцца да святыняў могуць за гадзіну больш як тры тысячы чалавек.

За хвіліну 63 чалавекі. Здавалася б, вялікая хуткасць, але чарга захоўвае даўжыню да глыбокага вечара. Такі доўгі шлях да святыняў многія з вернікаў выкарыстоўваюць, каб сабрацца і лепш падрыхтавацца да сустрэчы з Дарамі.

Прыязджаюць не толькі з Беларусі, мноства паломнікаў з Прыбалтыкі, Расіі і Украіны.

Фёдар Поўны, протаіерэй, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу г. Мінска: Нам вельмі важна было арганізаваць працэс, каб усе людзі маглі падысці і каб не было ніякай затрымкі, таму просім загадзя людзей жагнацца, прыкладвацца рукой, не спыняцца, не затрымлівацца.

Падарункі вешчуноў: золата, ладан, смірну - захавала Багародзіца. Перадала Іерусалімскай царкве, пасля яны знаходзіліся ў Канстанцінопалі, з канца XV стагоддзя і да нашых дзён - у Грэцыі ў Афонскім манастыры Святога Паўла. Святыня захоўваецца ў 10 каўчэгах у выглядзе 28 залатых пласцін, да іх падвешаныя каралі з ладану і смірны. Пахі змяшалі ўжо ў часы ўнясення Дароў у манастыр. Для пакланення вывозяць толькі частку дароў - сярэбраны каўчэг з трыма пласцінамі.

Каля каўчэга заўсёды дзяжураць манахі з Афонскага манастыра Святога Паўла. Братоў шасцёра, перавозяць святыню на чале з 83-гадовым архімандрытам Парфеніем. У місіі прылучэння людзей да Дароў манахам дапамагаюць 80 мінскіх святароў. Падарожжа святыняў - асаблівы шанец для жанчын. Ім, згодна са статутам Афонскага манастыра, уваход да сталага месца захоўвання Дароў строга забаронены.

Грэюцца не толькі думкамі пра цуд, дакрананне да святыні: службы Чырвонага Крыжа, валанцёры робяць усё, каб чаканне не азмрочыў холад. Кругласутачна стаяць палаткі і аўтобусы для абагравання. Дзяжураць дактары, міліцыя.

Дары вешчуноў застануцца ў Доме міласэрнасці да пятніцы. Пакуль жа штодня ля храма стаіць чарга з 15 000 чалавек, для якіх гэтая святыня не толькі магчымасць духоўнага ўзбагачэння, а бясспрэчны факт рэальнасці Нараджэння Збавіцеля.