Учора мінчане значна разгрузілі свае кашалькі

4 июля 2013

Учора мінчане значна разгрузілі свае кашалькі - выручка святочных прылаўкаў раўняецца аднаму мільярду рублёў. Што было найбольш папулярным ў жыхароў сталіцы, чаму беларускія чарніцы ў тры разы даражэйшая за імпартныя кавуны і колькі каштуе медыцынскае таксі? Адказы ў рубрыцы Капітал.


Расказвае Якаў Бута. У Дзень Незалежнасці мінчане з'елі 120 тон мяса і 50 тон кандытарскіх вырабаў. З прылаўкаў пайшло 60 тон марожанага і столькі ж квасу. Такую статыстыку прывялі гарадскія ўлады.


У сталіцы напярэдадні працавала паўтысячы аб'ектаў гандлю. На вуліцах, у парках і скверах арганізавалі цэлыя кірмашы. Толькі ў раёне праспекта Пераможцаў выручка склала каля аднаго мільярда рублёў.


Беларускія чарніцы на рынку прадаюцца ў тры разы даражэй за прывазныя кавуны. Кошт ягад на Камароўцы вагаецца ад 27 да 35 тысяч за кілаграм. Прывозяць у сталіцу з Лагойскага, Пухавіцкага і Асіповіцкага раёнаў. У асноўным прыватныя асобы. Кавуны ж, прытым імпартныя, каштуюць да 10 тысяч за кілаграм. А эпідэміёлагі чарговы раз нагадваюць, што купляць любыя ягады па-за гандлёвымі пунктамі, асабліва пры дарозе, небяспечна. Часцей за ўсё там перавышаная норма ўтрымання цэзію-137. Калі ж усё-такі набылі, памераць узровень радыяцыі можна бясплатна ў гарадскім цэнтры гігіены.


Сталічныя медыкі гатовыя адвезці вас з бальніцы дадому за 225 тысяч рублёў. Такая паслуга з'явілася пасля шматлікіх просьбаў саміх пацыентаў. Многія пасля таго як выпісваюцца, не ў стане не тое што самі даехаць дахаты, яны з цяжкасцю могуць дайсці да машыны. Таксісты ў такіх выпадках дапамагалі рэдка. А ў медыкаў на гэты выпадак ёсць каталкі. Кошт паслугі ад адлегласці і часу сутак не залежыць.