У Жлобіне заканчваецца апошняя падрыхтоўка да Дажынак

25 сентября 2013

А паралельна да свята рыхтуюцца і яго галоўныя дзеючыя асобы.


З героямі жніва сустрэлася Вольга Халадовіч. Пакуль муж выбірае гальштук, жонка прасуе святочную кашулю. Гаворыць, сабраць мужа на Дажынкі - справа гонару, бо на яго ж будзе глядзець уся краіна.


Для сям'і Коваль восень - час збору ўраджаю падарункаў. Халадзільнік, маразільнік, пыласос, мультыварка. Усё гэта Васілю Дзмітрыевічу дарылі на мінулых фестывалях. Сёлета ён разлічвае на самы галоўны прыз.


У камбайнера гэта невялікая галерэя славы. Тут лісты з падзякай і дыпломы з Дажынак. Праўда, пакуль толькі за трэцяе месца. А сёлета ў сям'і Коваль спадзяюцца, што калекцыю папоўніць дыплом пераможца.


На другое месца Васіль Коваль вырашыў не прэтэндаваць, а замахнуўся адразу на золата. Экіпаж, які ўзначальваў Васіль Дзмітрыевіч, упершыню ў сваёй гісторыі намалаціў больш за 4 тысячы тон. Да таго ж зусім нядаўна ў сям'і хлебароба адзначылі 30-гадовы юбілей працы за штурвалам камбайна. Таму і цяперашнія Дажынкі для камбайнера асаблівыя. У чаканні перамогі. Праўда, інтрыга вырашыцца толькі падчас свята.


Калегі, а ў жыцці сябры і суседзі. Са сваім памочнікам Віталем Васіль працуе разам ужо сёмы год. У Жлобін паедуць таксама разам.


Толькі ад Гомельскай вобласці на рэспубліканскія Дажынкі паедуць каля 120 чалавек. Жлобін поўнасцю гатовы да таго, каб сустрэць і парадаваць гасцей.