У Віцебскім раёне прайшлі абласныя "Зажынкі" - хто сабраў першыя каласы?

28 июля 2022

Аграрыі Беларусі паступова набліжаюцца да першай запаветнай планкі. На сёння збожжа ў нашай краіне намалочана больш як 968 тысяч тон. З-за дажджоў тэмп прац трохі знізіўся. Пры гэтым у аснове строгае выконванне тэхналогіі і тэрмінаў уборачнай. У лідарах па-ранейшаму Брэсцкая, Гомельская і Гродзенская вобласці. 

Да кампаніі далучыўся і паўночны рэгіён. У Віцебскім раёне прайшлі абласныя "Зажынкі". Уборачная стартавала ў аграгарадку Мазалава,  першыя каласы зжалі камбайнеры сельгаспрадпрыемства  "Мазалавагаз". Сёлета пад збожжа тут адвялі звыш 1700 гектараў. Хлебаробы разлічваюць на добры ўраджай. Для Аляксандра Шлеперава, камбайнера з 30-гадовым стажам, у гэтай гаспадарцы ўжо 15-ы сезон уборкі.

Сем камбайнаў задзейнічаныя ва ўборачнай у гаспадарцы "Мазалавагаз". Сушыльная гаспадарка даволі магутная - тры сушылкі за дзень могуць апрацоўваць каля 700 тон збожжа. Убраныя палі пачнуць адразу рыхтаваць пад восеньскую сяўбу азімых.