У цэнтры "Пралеска" больш за 40 дзяцей з аўтызмам упершыню праходзяць рэабілітацыю

10 августа 2023

Фізіяпрацэдуры, заняткі па інтарэсах, індывідуальная праграма харчавання. Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі "Пралеска" упершыню прымае змену хлопчыкаў і дзяўчынак з аўтычнымі расстройствамі. На аздараўленне прыбылі 42 дзіцяці. Як бавяць час маленькія пацыенты і ці паўтораць у аздараўленачай установе такі вопыт ізноў, раскажа карэспандэнт АТН Святлана Чарнова.

Маленькі Сцёпа разам з мамай ужо трэці дзень знаходзіцца ў цэнтры медыцынскай рэабілітацыі "Пралеска". Змену для дзетак з аўтычнымі расстройствамі тут адкрылі ўпершыню. Да пацыентаў індывідуальны падыход. З першага дня заезду кожнага агледзеў рэабілітолаг і распрацаваў персанальны план аднаўлення здароўя.

Індывідуальны нават распарадак дня. Напрыклад, Сцёпа не спіць у пасляабедзенны час, таму днём і раніцай у яго заняткі са спецыялістамі - лагапедам або псіхолагам, а таксама розныя працэдуры: басейн, цеплалячэнне, парафіналячэнне і гразевыя аплікацыі. Усё строга па прызначэннях. А яшчэ абавязкова гурткі па інтарэсах і нават вячэрнія дыскатэкі.

Змена для дзяцей з аўтычнымі расстройствамі прадоўжыцца 18 дзён

Па рашэнні кансультацыйнага савета пры Савеце Рэспублікі на рэабілітацыі ў "Пралесцы" зараз знаходзяцца 42 дзіцяці з аўтычнымі захворваннямі. Змена прадоўжыцца 18 дзён. Хлопчыкі і дзяўчынкі пражываюць сумесна з бацькамі - для іх падрыхтаваныя індывідуальныя палаты. Дарэчы, перад тым як прымаць пацыентаў з асаблівасцямі развіцця, спецыялісты "Пралескі" праслухалі цыкл лекцый ад калег з псіханеўралагічнага дыспансера.

Арцём Цуран, намеснік старшыні Мінгарвыканкама:

Кваліфікацыя ўрачоў і педагогаў, якія працуюць у аздараўленчым цэнтры "Пралеска", паказвае высокую гатоўнасць да таго, каб такіх дзяцей мы прымалі і надалей. Ёсць планы, каб у кожную змену пэўную колькасць такіх дзетак мы маглі прымаць і на працягу года.

У Беларусі больш за 2,5 тыс. дзяцей з аўтычнымі расстройствамі

Дзецям з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця надаецца асаблівая ўвага. У Мінску за гэты аздараўленчы сезон на рэабілітацыю накіравана 115 такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі гаварыць аб расстройствах аўтычнага спектру, пад назіраннем медыкаў у Беларусі на сённяшні дзень знаходзіцца больш за 2,5 тысячы такіх дзяцей.