У Талачыне ўшаноўваюць лепшых хлебаробаў Віцебскай вобласці

3 октября 2015

Разгар восені - самы час падагульніць, як прайшоў сельскагаспадарчы сезон. Урачыстае шэсце, адкрыццё абноўленай алеі і прэзентацыя гіганцкага каравая з мукі новага ўраджаю. У Талачыне ўшаноўваюць лепшых хлебаробаў Віцебскай вобласці. Сёлета паўночны рэгіён сабраў рэкордны для сябе ўраджай - 1 мільён 370 тысяч тон збожжа. Да свята змяніўся і сам райцэнтр. Павіншавала хлебаробаў і новыя славутасці ўбачыла Марына Раманоўская.

Мільён трыста семдзесят тысяч тон збожжа. Такога багатага ўраджаю Віцебская вобласць яшчэ не ведала. Сёлета аграрыі зрабілі стаўку на захоўванне тэхналогій. І не пралічыліся. Упершыню ў паўночным рэгіёне частка намалоту пойдзе на экспарт.

Лепшых хлебаробаў вобласці сёння ўшаноўваюць у Талачыне. На галоўнай сцэне "Дажынкаў" - камбайнеры, механізатары, аграномы. Мяжу ў сто тысяч тон пераадолелі адразу ў некалькіх раёнах Прыдзвіння. На асобных палях атрымалася сабраць больш за 80 цэнтнераў хлеба з гектара.

Пірагы, булачкі і караваі з мукі толькі новага ўраджаю. Майстэрства на "Дажынках" паказалі хлебапёкі з усёй Віцебскай вобласці. Да здзіўлення гасцей не толькі багацце выпечкі, але і маштабы кулінарных твораў.

Самы вялікі каравай - больш за метр у вышыню. Важыць ён 150 кілаграмаў. Ва ўпрыгожванні прасочваецца ўвесь цыкл вытворчасці хлебу, пачынаючы ад высейвання зерняў.

Багацце і сіла хлебароба - у яго руках. На пляцоўцы пад адкрытым небам - віцебскія волаты. Наймацнейшыя з'ехалі дахаты з каштоўнымі падарункамі. Супер-прыз спаборніцтваў - сапраўдны бык. Першыя рэкорды сёння ўстанавілі і дзеці. У райцэнтры адкрылася спартыўная пляцоўка. Сучаснае пакрыццё зазелянела на месцы пусткі. Праект прадуманы да дробязяў.

Да "Дажынак" змяніўся ўвесь горад. У райцэнтры прывялі ў парадак больш за сто аб'ектаў. Тут з'явіліся і новыя славутасці. Альтанка ў выглядзе карэты, лава закаханых і фантан. Сёння побач з ім свае жаданні загадалі тысячы гасцей абласнога свята.