У краіне зараз сезон перапрацоўкі цукровых буракоў

17 октября 2015

Ураджай сёлета крыху менш за леташні, але на аб’ёмах вытворчасці цукру гэта не адаб’ецца. Гродзенскія прадпрыемствы адзначаюць высокі ўзровень цукрыстасці караняплодаў, таму недахопу салодкай прадукцыі не будзе. Тым больш, на Скідзельскім заводзе сёлета правялі мадэрнізацыю. Вольга Пілянчук прадоўжыць тэму.

Прыёмка буракоў на Скідзельскім цукровым заводзе распачалася больш як месяц таму. За гэты час тут узважылі амаль 360 тысяч тон караняплодаў.

Пры гэтым 260 тысяч тон буракоў перапрацавалі ў 30 тысяч тон цукру. Завяршыць работу з новым ураджаем плануюць да новага года. Справіцца з аб’ёмамі і вытрымаць тэрміны дазволіць праведзеная мадэрнізацыя абсталявання - запушчаны ў працу дыфузійны апарат магутнасцю да 10 тысяч тон буракоў за суткі.

Дзмітрый Ягораў, гендырэктар Скідзельскага цукровага камбіната:

"Ён дазваляе перапрацоўваць буракі да 10 тысяч тон за суткі. У дадзены момант наша прадпрыемства да такіх аб'ёмаў перапрацоўкі пакуль не гатова, наш аб'ём - 8 тысяч тон, але ён нам дазволіць стабілізаваць аб'ёмы перапрацоўкі і павялічыць выманне цукру з буракоў. Гэта яшчэ адзін момант, які нам дазволіць сёлета пры меншым ураджаі атрымаць больш цукру".

Новае абсталяванне дазволіць мінімізаваць страты цукру з сыравіны, што асабліва актуальна ў гэтым сезоне. Засушлівае лета не лепшым чынам адбілася на якасці ўраджаю: цукрыстасці буракі набралі, але не дараслі да патрэбнага памеру. Таму прагназуецца, што аб’ёмы перапрацоўкі буракоў сёлета на чвэрць будуць меншымі, чым летась. Аднак непакоіцца аб колькасці цукру, яго якасці, паводле слоў спецыялістаў, няварта.

Аляксандр Забела, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці:

"Мы плануем атрымаць цукру на ўзроўні 450-480 тысяч тон. Патрэбнасць краіны - рознічны гандаль, прамперапрацоўка - 380-400 тысяч тон. Таму мы спакойна забяспечым патрэбнасці ўнутранага рынку, нават не прыцягваючы перапрацоўку цукру-сырцу".

Кампенсаваць меншую ўраджайнасць павінна цукрыстасць. Гэты паказчык “салодкай вытворчасці” спецыялістаў радуе. Так званы базавы ўзровень вышэй за мінулагодні на 1%. Гэта прыбаўка, упэўненыя эксперты, зможа кампенсаваць страты.