У сталіцы з'явіцца 130 новых пляцовак са спецыяльнымі кантэйнерамі для смецця

21 февраля 2018

Усё больш жылых дамоў і прадпрыемстваў у Мінску клапоцяцца аб навакольным асяроддзі.

Так, сёлета ў сталіцы з'явіцца 130 новых пляцовак са спецыяльнымі кантэйнерамі для смецця. А да 2020 года ў планах павялічыць іх колькасць да 400. Куды трапляе смецце, сабранае паасобна, высвятляла Наталля Кезік.

Разам з мэбляй у новую кватэру Антон набыў і тры кантэйнеры для смецця. Адходы паасобку маладая сям'я збірае ўжо тры гады. А ў магазіне выбіраюць прадукты не толькі па тэрмінах прыдатнасці і складзе, але і па ўпакоўцы. Яна абавязкова павінна быць прыдатнай для другаснай перапрацоўкі.

Пакеты са смеццем Антон выносіць у суседні двор - у сваім трохкаляровых кантэйнераў пакуль няма. Сёлета спецыяльныя пляцоўкі абсталююць у 130-ці дварах Мінска.

Новыя пляцоўкі з'яўляюцца побач з дамамі, дзе жыхары адмовіліся ад смеццеправода. За тры гады закансервуюць амаль 7 тысяч шахт. Менавіта яны, на думку эколагаў, галоўная перашкода ў звычцы паасобнага збору смецця.

Каля тысячы смеццеправодаў у сталіцы зараз заварыць немагчыма. Гэта тычыцца тых шматпавярховак, дзе па санітарных нормах нельга арганізаваць вось такую кантэйнерную пляцоўку.

А да кантэйнераў неабходна арганізаваць і свабодны доступ спецтранспарту. Пакуль сабранае паасобна смецце збірае адна машына. Аднак, як нас запэўнілі спецыялісты, мінчан гэта не павінна палохаць.

Дзмітрый Шумчэня, начальнік вытворчага ўчастка № 1 УП "Спецкамунаўтатранс": “Усё смецце будзе сартавацца. Той жа пластык адсартуюць па колерах, паперу асобна. Але нашы людзі пакуль не да канца сартуюць адходы так, як іх трэба сартаваць”.

У любым выпадку сартаваць пластык, шкло і паперу на канвееры значна прасцей. Тым больш што ў кантэйнерах для паасобна сабранага смецця нярэдка сустракаюцца адходы не па прызначэнні - у мінчан пакуль не сфарміравалася еўрапейская культура асобнага збору смецця.

Зараз у сталіцы праектуюць падземныя кантэйнеры для смецця. Месца такія ёмістасці займаюць менш, а ўмяшчальнасць у пяць разоў большая. А для эколагаў зараз галоўным застаецца пытанне не толькі сартавання, але і памяншэння колькасці смецця. Новы сартавальны завод можа перабраць і адправіць на перапрацоўку толькі дзясятую частку ўсяго смецця сталіцы. Палігон Трасцянецкі праз некалькі гадоў вычарпае свае магчымасці і будзе закрыты. Таму зараз спецыялісты шукаюць новую пляцоўку.