Беларусь прымае ўдзел у 74-й сесіі Генасамблеі ААН

23 сентября 2019

Пытанні забеспячэння адукацыі, барацьба з гандлем людзьмі, пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі. У штаб-кватэры ААН стартуе агульная дыскусія з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў. Беларускую дэлегацыю на 74-й сесіі Генасамблеі ўзначальвае міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. 

Анатоль Глаз, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Кіраўнік беларускай дэлегацыі прыме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў высокага ўзроўню. У іх ліку палітычны форум па ўстойлівым развіцці, канферэнцыя па садзейнічанні ўваходжанню ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў і спецыяльнае пасяджэнне з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі. Пад старшынствам Беларусі пройдзе пятая міністэрская сустрэча Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі".

Акрамя таго, запланаваны ўдзел Уладзіміра Макея ў традыцыйных сустрэчах кіраўнікоў МЗС краін АДКБ і Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Таксама дыпламат выступіць на пасяджэнні Савета бяспекі, прысвечаным супрацоўніцтву ААН з рэгіянальнымі арганізацыямі ва ўмацаванні міру.