У Смалявіцкім раёне працягваюцца работы па расчысцы буралому

2 февраля 2017

У Смалявіцкім раёне, які найбольш пацярпеў ад разгулу ліпеньскай стыхіі, да гэтага часу працягваюцца работы па расчысцы буралому. Брыгады вальшчыкаў працуюць у цяжкадаступных месцах - сярод балот. Завяршыць работы неабходна да 1 сакавіка. Пры добрых умовах надвор'я ў гэты час пачнецца і высадка новых дрэў. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

На гэта спатрэбіцца не адзін год. Так думаў Яўген Крыскевіч, калі ўпершыню ўбачыў наступствы ліпеньскага ўрагану. Менавіта брыгады з Лагойскага лясгаса першымі прыйшлі на падмогу ляснічым Смалявіцкага раёна, дзе літаральна за суткі стыхія, нібы касой, знішчыла амаль 6 з паловай гектараў лесу, што па плошчы адпавядае 9 тысячам футбольных палёў.

Усяго на расчыстку буралому ў Смалявіцкі раён прыехалі брыгады з 26 лясгасаў краіны. Працавалі ад цямна да цямна, а часам даводзілася нават і начаваць ля дзялянкі. Дзякуючы гэтаму сёння разбор паваленых дрэў амаль завершаны.

У цяжкадаступных месцах працаваць дапамагае тэхніка. Харвестары і форвардары сваімі жалезнымі «рукамі» за дзень збіраюць тоны драўніны. Ад таго, як хутка яны падбяруць зламаныя ствалы, залежыць якасць і прыдатнасць піламатэрыялу.

Перад тым як адправіць дрэвы на перапрацоўку ці экспарт, іх сартуюць па памеры і пародзе - вось на гэтым імправізаваным складзе, які расцягнуўся на некалькі кіламетраў. Паасобна размешчаны сасна, елка і бяроза для прамысловасці і спажыўцоў.

Прыбраць пашкоджаныя плошчы неабходна да 1 красавіка. Работы па аднаўленні лесу запланаваны на пачатак вясны, калі глеба будзе дастаткова вільготная. Высаджваць дрэвы будуць па сучасных фінскіх тэхналогіях.