Вясновае надвор'е працягвае панаваць на тэрыторыі Беларусі

26 декабря 2019
Першацветы  на клумбах, зайцы ў шэрым футры і зусім не зімні снежань. Вясновае надвор'е працягвае  панаваць  на тэрыторыі Беларусі. Замест снегу - дождж, а мінус замяніўся невялікім плюсам. Слупкі тэрмометраў стабільна паказваюць на пяць градусаў вышэй за норму. Такія анамальныя тэмпературы і прывялі да змяненняў у прыродзе.

У Батанічным садзе сталіцы распускаюцца вясновыя бутоны, а на палях  зелянеюць  азімыя культуры. Як гэта паўплывае на будучы ўраджай,  высвятляла Наталля Кезік.

Вясновыя першацветы зімой

Прымула, пралескі, фіялкі і марознік. Мініяцюрны вясновы букет у канцы снежня сабраць можна ў Батанічным садзе. Першацветы сёлета свае бутоны раскрылі ў канцы снежня. Аграномы такой стракатасці яркіх пялёсткаў зімой яшчэ не бачылі. 
Покрыва з зеляніны на сельскагаспадарчых палях сёлета таксама бачыць нязвыкла. Азімыя пасевы ўжо больш за месяц павінны адпачываць. Але зіма вырашыла інакш: зараз, напрыклад, пшаніца знаходзіцца ў фазе кушчэння. Калі вясновае надвор’е затрымаецца, то пасевы могуць перайсці ў наступную фазу - вегетацыі. 

Якім будзе вынік такой цёплай зімы для азімых, стане зразумела вясной

Зараз жа хлебным культурам неабходна паступовае паніжэнне тэмпературы і снежнае покрыва. Такім чынам атрымаецца пазбегнуць вымярзання альбо, наадварот, вымакання пасеваў. 
Калі ў лясах Брэсцкай вобласці, як сведчаць фотаздымкі, ужо можна знайсці пралескі, то вось у масівах цэнтральнага рэгіёна прыкмет вясны пакуль няма. Ажываць лес тут пачне, калі слупкі тэрмометраў пакажуць дзесяць, а то і пятнаццаць градусаў цяпла. 
Пакуль жа лясы Мінскай вобласці знаходзяцца ў зімовай дрымоце: дрэвы адпачываюць, лісце на ягадных галінках таксама не паказваецца.
 

Як адзначаюць сіноптыкі, сёлетні снежань цяплейшы за норму на пяць градусаў

Васіль Міранюк працуе лясніком больш за трыццаць гадоў. І зараз успамінае: першыя працоўныя зімы сустракаў з паўметровымі гурбамі. Апошнія ж пяць гадоў, як заўважае спецыяліст, зіма стала больш еўрапейскай і бясснежнай. Як адзначаюць сіноптыкі, сёлетні снежань цяплейшы за норму на пяць градусаў. 
У канцы тыдня сіноптыкі ўсё ж такі прагназуюць мароз і невялікі снег. Снежнага покрыва зараз не хапае і сельскагаспадарчым культурам, і лясам. Нават зайцы сёлета пакуль не змянілі шэрыя футры на белыя. А белыя сумёты пакуль можна знайсці хіба што толькі ў гарналыжных комплексах.