У паўночным рэгіёне краіны частку фінансаў накіруюць на аднаўленне мемарыялаў ў Расонах і Дубровенскім раёне

21 апреля 2018

Сёння - рэспубліканскі суботнік. Паводле традыцыі, заробленыя сродкі пойдуць на рэалізацыю важных праектаў. У паўночным рэгіёне краіны, напрыклад, частку фінансаў накіруюць на аднаўленне мемарыялаў ў Расонах і Дубровенскім раёне. Яны захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай. Марына Раманоўская пра ўклад кожнага ў агульную справу (відэа).

Бетонныя стэлы здалек прыцягваюць увагу падарожнікаў. Трагічную гісторыю гэтага месца ведае кожны жыхар Дубровенскага раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут стаяў фронт. Баі працягваліся дзевяць месяцаў.

Памяць аб загінуўшых захоўвае мемарыяльны комплекс "Рыленкі". Гэта вялікая брацкая магіла. Вароты з рэльефнымі выявамі салдат сімвалізуюць усе віды войскаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі “Баграціён”. Уздоўж алеі - чатыры бетонныя стэлы. Сімвалы подзвігаў.

Мемарыяльны комплекс "Рыленкі" ўзведзены больш за сорак гадоў таму. Яго плошча - тры гектары. У аснове мемарыяла - пліты, на якіх выгравіраваны прозвішчы звыш дзесяці тысяч салдат і афіцэраў. Але дакладна колькасць пахаваных у брацкай магіле не вядома.

Праца па ўвекавечанні памяці ў Дубровенскім раёне не спыняецца. За апошнія гады ўдалося ўстанавіць мноства імён загінуўшых. Прыйшоў час абнаўлення самаго месца усенароднай памяці. Капітальнага рамонту тут не было з моманту адкрыцця. Частка сродкаў, заробленых на суботніку, пойдзе на рэканструкцыю.

Пасля зімы працы асабліва многа. Таму наводзіць парадак многія беларусы пачалі задоўга да суботніка. Сёння за інструмент з самай раніцы ўзяліся ва ўсіх рэгіёнах краіны. Актыўна праца ідзе на тэрыторыі мемарыяла у Расонах. Ён узведзены на месцы пахавання больш чым дзвюх з паловай тысяч савецкіх воінаў і партызан. Ініцыятарам будаўніцтва выступіў Пётр Машэраў.

Дарэчы, аднаўленне мемарыяла пачалося таксама з суботніка, які прайшоў у верасні мінулага года па ініцыятыве Віцебскага абласнога савета дэпутатаў. Сёння добраўпарадкаванне працягваецца.

Жыхары райцэнтра расказваюць: зусім хутка будзе яшчэ адна добрая нагода сабрацца разам. 9 мая запланавана ўрачыстае адкрыццё адноўленага мемарыяла.