У Растове-на-Доне адбыліся гонкі на трактарах

21 мая 2018

Пацверджаннем "Знака якасці" беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, безумоўна, з'яўляецца і наша трактарная тэхніка. Як адзначаюць спецыялісты, вялізны плюс - у надзейнасці і прастаце кіравання. І як апынулася - не толькі ў полі. У Растове-на-Доне адбыліся гонкі на трактарах. Удзельнічаюць выключна машыны маркі "Беларус" - самай папулярнай у расійскіх сельгаскампаній. Дзясяткі гоншчыкаў, найскладанейшая траса і напружаная барацьба... На што здольныя нашы "Беларусы" - убачыла Дар'я Белавусава-Пятроўская.

У звычайным жыцці яны працуюць на палях, аруць, сеюць, убіраюць ураджай. Але адзін раз на год простыя сельскія механізатары ператвараюцца ў прафесійных пілотаў, а іх трактары - у гоначныя аўтамабілі.

Ідэя гонкі на трактарах нарадзілася 16 гадоў назад. Прызёр Кубка свету па ралі-рэйдах Сяргей Сухавенка вырашыў, калі грузавікі і пазадарожнікі спаборнічаюць, то чым трактары горш? Пры звычайнай хуткасці 40 км за гадзіну, на гонках стальмахі разганяюцца да 100! І як сцвярджаюць пілоты, гэта далёка не мяжа.

Сярэдні пульс гоншчыка на трасе - 160 удараў за хвіліну. Тэмпература паветра ў кабіне трактара падчас гонак напальваецца да 50 градусаў. Глыбіня воднай перашкоды - 1 метр, а падчас скачку з трампліна машыны ўзлятаюць на паўтара метра. Нездарма гонкі на трактарах лічаць самымі экстрэмальнымі.

Спецыяльны госць - беларускі гоншчык Сяргей Вязовіч. Сёлета ён стаў сярэбраным прызёрам на ралі "Дакар". Але нават ён, вопытны пілот, не хавае хвалявання, гледзячы, што робяць на трасе трактары.

У гонках удзельнічаюць выключна трактары айчыннай маркі "Беларус" - самай папулярнай у расійскіх сельгаспрадпрыемстваў. Напярэдадні ЧМ па футболе, які стартуе ў Расіі літаральна праз некалькі тыдняў, на гэты раз кожная машына выступае пад флагам адной з каманд - удзельніц сусветнага першынства, а іх 32, і адзін трактар - пад флагам мясцовага футбольнага клуба.

Сяргей Сухавенка, гендырэктар кампаніі па пастаўках і абслугоўванні тэхнікі для АПК, арганізатар гонак "БізонТрэкШоу": "Усе трактары, якія тут былі, - гэта вытворчасць Беларусь. "Беларусь" на іх было напісана 33 разы. Гэта вельмі добрая ілюстрацыя таго, што мы - два брацкія народы, што мы разам. Без трактароў "Беларусь" - а куды мы? У нас свайго трактара няма. Мы дамовіліся, што Беларусь будзе маленькія трактары вырабляць, Санкт-Пецярбург - вялікія. Так яно і засталося, навошта вынаходзіць веласіпед. Мы ж Саюзная дзяржава".

Гонкі на трактарах - захапляльнае і відовішчнае шоу. Падтрымаць пілотаў прыязджаюць з усёй Расіі. Сёлета – больш за 30 тысяч гледачоў. А пераможцы, тыя, хто хутчэй і дакладней усіх прайшлі найскладанейшую 15-кіламетровую трасу, атрымліваюць у падарунак новыя мадэлі трактара "Беларус".