У Расіі завяршыліся вучэнні "Узаемадзеянне-2016"

19 августа 2016

У Расіі завяршыліся вучэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2016". Сёння кіраўнікі штабоў Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстана падводзяць вынікі.

Наколькі зладжана спрацавалі кантынгенты Узброеных сіл АДКБ - даведвалася і Дар'я Белавусава-Пятроўская. Цяжкая артылерыя, гранатамёты і авіяцыя. Некалькі дзён на расійскім палігоне Стуругі Чырвоныя было горача. Ад выбухаў, пажараў і шуму ваеннай тэхнікі зямля нібы хадзіла ходырам.

Паводле сцэнарыя, на тэрыторыю адной з краін - удзельніц АДКБ пад выглядам міратворцаў урываюцца незаконныя ўзброеныя фарміраванні. Задача дзяржаў-саюзнікаў дапамагчы знайсці і абясшкодзіць праціўніка. У такіх умовах трэба дзейнічаць хутка, дакладна, а галоўнае ўзгоднена. Бо невыпадкова вучэнні называюцца "Узаемадзеянне".

Зладжанасць дзеянняў паказваюць беларусы і казахі. Ад працы разведкі залежыць поспех усёй аперацыі. Іх задача - выявіць праціўніка і перадаць дакладныя каардынаты ў галоўны штаб. На дапамогу прыходзяць баявыя верталёты Мі-8, ударныя Ка-52, а таксама знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34.

Пасля ўдараў з паветра з неба спускаецца дэсант. Гэта ў аблоках яны - нібы паветраныя дзьмухаўцы, на зямлі - гэта дасведчаныя і падрыхтаваныя байцы, якія бяруць першы ўдар на сябе.

Пасля дэсанта на сцэну баявых дзеянняў выходзяць танкавыя падраздзяленні, магутныя "Грады" і цяжкія агнямёты "Бураціна". У такой вогненнай каруселі ў праціўніка няма шанцаў.

"Узаемадзеянне-2016" аб'яднала 6 тысяч вайскоўцаў. З іх больш за тысячу - гэта вайскоўцы КСАР АДКБ. Гэта лепшыя падраздзяленні Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстана. Іх задача - абараняць межы сваёй краіны, а таксама даваць адпор усім, хто жадае парушыць спакой і мірнае жыццё дзяржаў-саюзнікаў.