У рэгіёнах працягвае сваю работу міжведамасная працоўная група

15 ноября 2013

У рэгіёнах працягвае сваю работу міжведамасная працоўная група па праверцы выканання праграмы мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўцы. Чарговы прыпынак - Бабруйск. І зноў выяўленыя шматлікія факты безгаспадарлівасці. Зараз ужо падчас праверак акцыянернага таварыства Фандок. Нягледзячы на тое, што тэрміны рэалізацыі інвестпраекта пераносіліся 6 разоў, мадэрнізацыя дагэтуль не завершаная. За гады праект падаражэў на трэць, а прадпрыемства ўжо не раз змяніла кіраўніцтва.



Чаму мадэрнізацыя на Фандоку ідзе паралельна з расследаваннем крымінальнай справы - высвятляў Сяргей Хамянтоўскі.


Завод ДСП. Той самы, праца якога павінна адвесці Фандок ад эканамічнага накаўта, па-ранейшаму груда высокатэхналагічнага металу. Вось ужо 9 месяцаў беларускія і кітайскія спецыялісты безвынікова чаруюць над новай лініяй. Праект тармазілі ўсе: праектанты, будаўнікі, наладчыкі. Прыехаўшы ў Бабруйск, міжведамасная працоўная група рашуча стукнула па дрэве - першай прадукцыі да канца года быць!


37 мільёнаў еўра сышлі, а поўнай гатоўнасці па шасці аб'ектах Фандока няма і да гэтага дня.


Выснова працоўнай групы: над прычынамі аб'ектыўнымі пераважае шэраг суб'ектыўных прычын - безгаспадарлівасць і элементарная кіраўнічая непісьменнасць.


Вось гэтыя іржавыя канструкцыі насамрэч лінія па сартаванні лесу. Яе так званай працай ужо зацікавіўся Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Вось і атрымліваецца, што мадэрнізацыя на бабруйскім Фандоку ідзе паралельна з расследаваннем крымінальнай справы.


За ўвод у эксплуатацыю лініі былы дырэктар заплаціў 102 тысячы еўра. Аднак тэхніка не працавала ні дня. 10 гадоў з канфіскацыяй - такая максімальная санкцыя па справе былога кіраўніка. Цяперашняе начальства Фандока ламае галаву - што рабіць з жалезам. Існуючы цэх лесапілення - гэта не мінулае, пазамінулае стагоддзе. Тэхналогія падачы лесу яшчэ старэйшая. Тут - як у фільмах аб лесараспрацоўках у сібірскай тайзе: і бусакі, і плытнікі.


6 гадоў працы і 37 мільёнаў еўра. У выніку лінія сартавання лесу прастойвае, міні-ЦЭЦ на рамонце, завод ДСП не запушчаны. Перамены да лепшага ёсць, але яны візуальныя. Кветкі ў кветніках - гэта яшчэ не росквіт завода. Прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю няма. Даручэнні групы: да 31 снежня заводу ДСП выйсці на выпуск гатовай прадукцыі. За лістапад кіраўніцтву Фандока навесці на тэрыторыі належны парадак. Гарадскія ўлады дапамогуць аптымізаваць пустуючыя прампляцоўкі. Эколагам і прыродаахоўнай службе даручана вырашыць праблему па ўтылізацыі назапашаных за дзесяцігоддзі вытворчых адходаў.