У розных кутках краіны праспявалі дзяржаўны гімн

4 июля 2016

А яркім завяршэннем Дня Незалежнасці стаў святочны салют. Апошнія акорды ўрачыстасцяў - у рэпартажы Юрыя Шаўчука.

Упершыню за шмат гадоў надвор'е на Дзень Незалежнасці мінчан і гасцей сталіцы не радавала. Але нягледзячы на гэта, па традыцыі ля стэлы "Мінск - горад-герой" людзі сталі збірацца задоўга да кульмінацыі свята.

Усе нумары былі прысвечаныя Году культуры. А сам канцэрт складаўся з дзвюх частак. У першай палове гледачы ўбачылі музычна-гістарычную рэтраспектыву. Кульмінацыяй стала ўжо традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам".

Акцыю "Праспяваем гімн разам" ужо даўно назвалі душой свята. А як інакш. Сотні тысяч людзей па ўсёй Беларусі збіраюцца на галоўных пляцоўках гарадоў, каб праспяваць запаветныя словы.

Але, мабыць, апагеем свята, як заўсёды, стаў салют, які пачаўся на апошніх акордах гімна. Па традыцыі самая маляўнічая феерыя была ў сталіцы. Галоўны салют у Мінску быў дадзены з агнявога пункта ў парку 50-годдзя Перамогі на праспекце Пераможцаў. Тут ён доўжыўся роўна 10 хвілін. На астатніх 5 пунктах разнаколерныя зоркі ўспыхнулі ў выглядзе 30 артылерыйскіх залпаў, якія размалявалі неба сталіцы і Мінскага раёна. Так што святочныя ўзоры можна было назіраць не толькі ў кожным кутку горада, але нават і каля Нацыянальнага аэрапорта Мінск.