Летась у РНПЦ дзіцячай хірургіі прайшло больш як 5 тысяч аперацый

26 февраля 2019

Сучасныя тэхналогіі нашай медыцыны і карпатлівая праца саміх урачоў дазваляюць ратаваць жыцці нават самых маленькіх беларусаў. Усяго летась у РНПЦ дзіцячай хірургіі прайшло больш як 5 тысяч аперацый. Некаторыя з іх праводзілі малым у першую гадзіну жыцця. Прычым, у пацыентаў з любым парокам сэрца. Як вяртаюць да жыцця беларускія сэрцы - Юлія Грызунт.

Гэта рэдкія кадры ўнікальнай аперацыі, якая прайшла ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. На аперацыйным стале 12-гадовы пацыент. Сумесна з італьянскімі хірургамі беларускія медыкі ўпершыню праводзяць замену клапана лёгачнай артэрыі праз вену са штучным пратэзам дзіцяці.

І гэта ў Колі Панядзелкі ўжо 5 аперацыя, першыя 4 прайшлі на адкрытым сэрцы. А ў аперацыйную хлопчык трапіў на 17-ым дні жыцця. Яшчэ адно такое ўмяшанне магло стаць смяротным, калі б не вопытныя хірургі. Сёння хлопец прыехаў сюды на абследаванне. Прызнаецца, ужо і не памятае, што раней яго жыццё было зусім іншым

Пацыент знаходзіўся на аперацыйным стале дзве з паловай гадзіны. Ва ўмяшанні ўдзельнічалі адразу сем медыкаў. Гэта хірургі, медыцынскія сёстры і анестэзіёлагі. Парадокс, але найскладанейшая аперацыя праходзіла без скальпеля, на мове дактароў - малаінвазіўная. Імплантат увялі праз сцегнавы сасуд у сэрца. Ён замяніў пацыенту клапан, які павінен несці кроў з правых сардэчных страўнічкаў у лёгачную артэрыю.

Ды і не толькі на сэрцы. Напрыклад, для выдалення апендыкса ўжо практычна не выкарыстоўваюць адкрытыя аперацыі. А новыя тэхналогіі асвойваюць адразу без скальпеля.

Канстанцін Драздоўскі, дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыёхірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі: "Летась мы пачалі праграму дзіцячай арытмалогіі. Гэта важная праблема для дзяцей з парушэннямі рытму сэрца, таму што да гэтага часу яны знаходзіліся на цяжкім медыкаментозным лячэнні да 14-16-гадовага ўзросту. Летась мы пачалі дзетак аперыраваць ва ўзросце 5-6 гадоў. Яны ўжо ў 5-6 гадоў пасля аперацыі могуць займацца спортам, ісці ў школу, жыць паўнацэнна".

Сёння ў свеце існуе больш як 250 відаў прыроджаных парокаў сэрца. У РНПЦ дзіцячай хірургіі прымаюць малых з любымі з іх. Прычым, сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць складаныя аперацыі ўжо ў першую гадзіну жыцця дзіцяці. Аперыруюць нованароджаных вагой усяго 700 грамаў. І калі яшчэ з дзясятак гадоў таму з парокам сэрца жыццё маленькіх беларусаў магло быць не такім паўнацэнным, то сёння нашы медыкі з упэўненасцю гавораць - іх пацыенты з лёгкасцю могуць вырасці ў вялікіх навукоўцаў, алімпійскіх чэмпіёнаў, але абавязкова ў добрых людзей.