У Першамайскім і Савецкім раёнах Мінска для дыягностыкі афарбоўваюць сеткавую ваду

20 ноября 2019
Вада з-пад крана пазелянела! Некаторыя жыхары сталіцы заўважылі ў кранах гарачай вады каляровую. Так спецыялісты мінскіх цепласетак правяраюць падземныя камунікацыі. Для выяўлення ўцечкі цепланосьбіта ваду афарбавалі флуарэсцэінам. Гэта свайго роду індыкатар - дзякуючы зялёнаму колеру лягчэй заўважыць адразу некалькі непаладак. Іспыт закранае толькі Першамайскі і Савецкі раёны.

Па вуліцы Валгаградскай так і здарылася. Сеткавая вада змяшалася з вадаправоднай, таму і пазелянела. На месца аператыўна выехалі спецслужбы.

Дыягностыка падземных камунікацый праводзіцца рэгулярна, прычым некалькімі спосабамі: хімічным, акустычным і з дапамогай цеплавізара падчас аэраздымак. Сёння на мінскай цеплатрасе пракладзена каля 800 км сучасных труб. Новыя канструкцыі аснашчаны сістэмай дыстанцыйнага кантролю.