У парку Пісьменнікаў высадзілі больш за паўсотні дрэў

2 ноября 2017

З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання яшчэ адна цікавая навіна. Новае месца адпачынку з'явілася ў сталіцы ля Нацыянальнай бібліятэкі. У парку Пісьменнікаў высадзілі больш за паўсотні дрэў. Сквер упрыгожылі саджанцы ясеня, клёна, дуба і рабіны. Іх высадзілі пісьменнікі, літаратары, а таксама бібліятэкары, работнікі музеяў і выдавецтваў. А маладыя паэты пасадзілі яблыні – менавіта гэтыя дрэвы ў літаратуры з'яўляюцца сімваламі натхнення і новых талентаў.

Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

"Мінск аказаўся адзіным горадам, дзе зрабілі такі падарунак пісьменнікам. Каб пісьменнік мог сюды прыйсці як да сабе ў свой родны сад, пасядзець, паразважаць. Калі трэба, нешта напісаць. Вось і новы мікрараён за бібліятэкай будуецца. Там будзе і вуліца Пісьменнікаў. Гэтую падзею мы разглядаем ледзь ці не як эпахальную для нас. Вельмі вялікая справа".

У парку таксама з'явіўся памятны знак. Вясной у новым месцы адпачынку высадзяць яшчэ некалькі соцень кустоў, а таксама ўсталююць новыя лаўкі і арт-аб'екты.