У парке Чалюскінцаў сабраліся менеджары культурных праектаў

17 мая 2013

У фармаце сусветнага кафэ ці супольнага абмеркавання яны гутарылі пра сацыякультурнае праектаванне. Як раскруціць прыватную фотавыставу, стварыць адукацыйную праграму ці арганізаваць валанцёрскі рух? Адказы шукаюць у Цэнтры культурнага менеджменту.


Ігар Ласіцкі, каардынатар Цэнтра культурнага менеджменту г. Мінска:  Мы дапамагаем знайсці партнёраў праекта, знайсці каманду. Мы дапамагаем знайсці, акрамя партнёраў, якія будуць рэалізоўваць праект, магчымае фінансаванне гэтага праекта, таму што існуе бізнес, зацікаўлены ў працы ў культурнай сферы.


Надзея Ількевіч, куратар Цэнтра культурнага менеджменту г. Мінска:  Да нас звяртаюцца людзі, яны пішуць, што ёсць такі праект, дапамажыце, калі ласка, разабрацца, варты ён наогул рэалізацыі або не варты. Культурнае праектаванне можна выкарыстаць як рэсурс у любой сферы мастацтва. Гэта як тэатральнае -  у сферы тэатраў, у сферы галерэйнага бізнесу, у сферы менеджменту музеяў.


Першы цэнтр культурнага менеджменту з’явіўся ў Львове. У Мінску ён працуе першы год. Стваральнікі цэнтра робяць акцэнт на адукацыйны складальнік: арганізоўваюць лекцыі і трэнінгі ў незвычайным фармаце.