У адказ на скаргі і просьбы – толькі абяцанні

18 февраля 2015

Больш за два гады жыхары сталічных вышынных дамоў просяць у мясцовых улад усталяваць каля пад’ездаў пандусы і поручні. Аднак тэрміны ўстаноўкі ўвесь час пераносяцца. У чым прычына?

Высвятляў Аляксандр Харавец. Выхад на вуліцу для Галіны Кавалеўскай асацыіруецца з паласой перашкод. Бяспечна спусціцца і падняцца на лесвіцу жанчына не можа з-за адсутнасці поручняў. Вось і прыходзіцца неяк прызвычайвацца.

Усяго ў гэтай чатырохпавярхоўцы пражываюць 12 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. На працягу двух гадоў яны звяртаюцца у розныя інстанцыі з просьбамі ўстанавіць поручні ўнутры пад’езда. Чыноўнікі паабяцалі: капітальны рамонт дома пачнецца летам. І нават распісалі што канкрэтна будзе зроблена. Аднак пра поручні ўнутры дома - ні слова.

И гэта нягледзячы на тое, што спецыялісты з мясцовага ЖРЭА праводзілі абследаванне дома. А вось так з прыступкамі змагаюцца жыхары шматпавярхоўкі на вуліцы Касманаўтаў.

Здавалася б, усяго 7 прыступак. Здаровы чалавек пераадольвае іх за некалькі імгненняў. Маці з дзіцячай каляскай за паўхвіліны. А вось людзям у інвалідных крэслах самастойна падняцца або спусціцца па гэтай лесвіцы не атрымаецца.

Леанарда Крукоўская аб вуліцы толькі марыць. Тры гады жанчына сочыць за зменай пары года з акна. Дачка Ніна таксама неаднаразова звярталася і ў мясцовы ЖЭС, і ў аддзел па сацыяльнай абароне з просьбай зрабіць пандус – аднак пабудаваць бяспечны спуск перашкаджае востры вугал лесвіцы.

Выйсце з сітуацыі ў камітэце па сацыяльнай абароне прапаноўваюць - інвалід–калясачнік можа абмяняць кватэру на іншую, дзе ёсць усе ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак Леанарду Крукоўскую ў 87 гадоў гэты варыянт наўрад ці задаволіць.