У інтэрнаце Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа рамонт зацягнуўся на гады

26 января 2019

Рамонт, які зацягнуўся на гады. У інтэрнаце Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа з больш чым 300 месцаў заселена толькі палова. Будынак планавалі перарабіць пад памяшканні павышанай камфортнасці. Аднак, калі работы ў правым крыле ўжо выйшлі на фінішную прамую, будаўнікі проста пакінулі аб’ект. Незавершаны рамонт і ў падвальных памяшканнях. А тым часам студэнты чакаюць наваселля больш за чатыры гады. У жыллёвай праблеме спрабаваў разабрацца Юрый Карняловіч.

Здавалася б, звычайны інтэрнат Гродзенскага політэхнічнага каледжа. Доўгія калідоры, невялікія пакоі. Аднак дастаткова спусціцца ў падвал і адразу трапляеш у іншы свет. Разбітыя сцены, аголеная электраправодка, пад нагамі валяюцца розныя рэчы. Імправізаваную экскурсію праводзіць асабіста намеснік дырэктара навучальнай установы.

Па словах Аляксандра Пінчука, ва ўсім вінаватыя будаўнікі. Яны займаліся рамонтам памяшканняў і не падтрымлівалі элементарны парадак на працоўных месцах. Потым скончылася фінансаванне, і спецыялісты пакінулі аб’ект, так і не давёўшы справу да канца.

Інтэрнат не аднойчы быў у цэнтры ўвагі спецыялістаў Дзяржкантролю. Падчас апошняй праверкі ў верасні мінулага года былі выяўлены чарговыя парушэнні.

Праблемы гэтага інтэрната не абмяжоўваюцца падвалам. Аказваецца, ў пяціпавярховым будынку студэнты жывуць толькі ў левым крыле.

Навучальны год у самым разгары, а ў інтэрнаце політэхнічнага каледжа пустуе 170 месцаў. Прычына – незавершаны рамонт, які цягнецца больш за чатыры гады.

Яшчэ ў 2014 годзе было прынята рашэнне перабудаваць інтэрнат калідорнага тыпу ў блочны. Работы актыўна пачаліся ў правым крыле і на некаторых паверхах ужо практычна завяршыліся. Аднак будаўнікі ізноў раптам пакінулі аб’ект.

Такое раптоўнае знікненне будаўнікоў растлумачылі ў галоўным упраўленні адукацыі аблвыканкама. Аказваецца, уся справа ў неадпаведнасці першапачатковай праектна-сметнай дакументацыі на рамонтныя работы нарматыўным актам. Ды і арганізацыя, якая рыхтавала паперы, стала банкрутам. А на выраб новых дакументаў затрацілі значна больш часу, чым планавалі. Затое сёння, запэўнілі спецыялісты ад адукацыі, усё ў парадку, і будаўнікі абавязкова вернуцца на аб’ект.

Як хутка вернуцца ў інтэрнат будаўнікі, пакуль невядома. Аднак і навучэнцы, і выкладчыкі каледжа спадзяюцца, што ў новым навучальным годзе палова будынка, якая да гэтага часу  пуставала, будзе заселена.