Праграму тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь - Украіна напрыканцы 2015 года адобрыў беларускі ўрад

6 февраля 2016

Ад трох да трох з паловай мільёнаў еўра за найбліжэйшыя шэсць гадоў пойдуць на развіццё памежных тэрыторый Брэсцкай і Гомельскай абласцей Беларусі і суседніх рэгіёнаў Украіны. Такую суму выдаткоўвае Еўрапейскі саюз для рэалізацыі новай праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі. З 20-га студзеня ідзе прыём заявак.

Хто і як можа стаць рэалізатарам і ўдзельнікам карысных праектаў, даведалася Аліса Грыгарчук. Праграму тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь - Украіна напрыканцы 2015 года адобрыў беларускі ўрад. Сёння, калі распачаты прыём заявак, яе каардынатары праводзяць інфармацыйныя дні для патэнцыяльных удзельнікаў. Гэта першая праграма тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза, дзе краіны "Усходняга партнёрства" працуюць самастойна, без удзелу ЕС. Яна накіраваная на фінансаванне беларуска-ўкраінскіх праектаў у самых розных сферах.

Для рэгіёнаў гэта добрая магчымасць палепшыць сваё сацыяльнае становішча.

Патэнцыяльныя атрымальнікі гранта - ад сельсавета да грамадскага аб'яднання. Рэалізаваць праект зможа кожны, хто дакажа карыснасць сваёй ідэі для жыхароў памежных тэрыторый. Брэсцкаму абласному ўпраўленню МНС гэта ўдавалася ўжо шэсць разоў. Менавіта столькі рэалізаваных трансгранічных праектаў на рахунку ратавальнікаў рэгіёна. Сёння ўступае ў спаборніцтва ўжо сёмая заяўка.

А дапамагчы з рэалізацыяй любой карыснай ідэі гатовы абласны выканкам.

З дапамогай праграмы можна будаваць дарогі, развіваць турызм, аднаўляць замкі, падтрымліваць малы бізнес. Галоўнае - жаданне.

Дарэчы, прымаць заяўкі на ўдзел у праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь - Украіна будуць да 19 красавіка.