У Нацыянальным дзіцячым тэхналагічным парку прайшоў турнір па робататэхніцы

19 февраля 2024

Робафутбол, робасумо, гонкі беспілотных аўтамабіляў і віртуозныя палёты на хэндмэйд-квадракоптарах. У дзіцячым тэхнапарку прайшоў турнір па робататэхніцы. Юныя інжынеры з Мінска і цэнтральнага рэгіёна прадэманстравалі свае мадэлі і іх магчымасці.

Удзел прынялі больш за 50 школьнікаў, спаборнічалі ў 11 дысцыплінах, сярод якіх аўтаномныя палёты па зададзенай праграме, рух робатаў па траекторыі, выкананне машынамі складаных задач. Юныя інжынеры паказвалі ўменне кіраваць тэхнікай і аператыўна рэдагаваць код у залежнасці ад абставін, каб набраць максімальную колькасць балаў.

За спаборніцтвамі назіралі эксперты, удзельнікі дарослай беларускай зборнай па робататэхніцы. Яны адправяцца прадстаўляць нашу краіну на міжнародныя тэхнастарты ў Казань ужо напрыканцы тыдня.

Распрацоўкі пачаткоўцаў-канструктараў і праграмістаў чакае дадатковы апгрэйд. Пасля гэтага лепшыя работы каманд адправяцца на фінальны этап спаборніцтваў - XI Мінскі адкрыты робатурнір. Ён пройдзе ў сталіцы гэтым летам.