У Мазыры ў школьных сталовых з'явіліся банкаўскія тэрміналы

29 апреля 2013

Як фінансавая адукаванасць уплывае на культуру харчавання? Пра гэта могуць распавесці мазырскія школьнікі. Некалькі месяцаў таму ў іх з'явіліся пластыкавыя карткі, а ў саміх школьных сталовых - банкаўскія тэрміналы.  Пакуль разлічвацца праз іх могуць толькі старшакласнікі. Але адчуць сябе самастойнымі і незалежнымі мараць і школьнікі малодшых класаў. Акрамя таго, эксперымент спадабаўся і бацькам, і педагогам.


Чаму - высвятляла Вольга Халадовіч.


Яны забылі,  што такое насіць грошы ў кашальку.  За пюрэ, піражок або сок школьнікі разлічваюцца пластыкавай карткай.  Гавораць, што гэта зручна і хутка. Чарга ў сталовай стала меншай - бо на аплату праз тэрмінал ідуць лічаныя секунды. Сродкі з карты спісвае тэрмінал, а бацькам прыходзіць СМС - і яны бачаць, на што менавіта выдаткавала грошы іх дзіця. Дарэчы, пасля ўкаранення пластыкавых картак колькасць тых, хто выбірае школьныя абеды, вырасла ў разы.


Эксперыментаваць у мазырскіх школах пачалі некалькі месяцаў таму.  Настаўнікі адразу адзначылі, што безнаяўная сістэма аплаты прывучае дзяцей да здаровага харчавання. З кішэннымі грашыма яны часта бегаюць па ежу зусім не ў сталовую, а ў найбліжэйшы кіёск.


Самых юных кліентаў вырашылі прастымуляваць і ў банку.  Па выніках квартала тыя, хто часцей за ўсё карыстаўся пластыкавай карткай, атрымліваюць падарункі. Каб навучыць дзяцей карыстацца пластыкавымі карткамі, прадстаўнікі банка прыязджалі прама ў школу, дзе адказвалі на пытанні вучняў, бацькоў і настаўнікаў. 


Зараз аплатныя тэрміналы ўсталявалі ў шасці школах Мазыра.  Паступова да такой сістэмы пяройдуць і іншыя ўстановы адукацыі. А ў якасці кліентаў банка будуць не толькі старшакласнікі.  Вучні малодшых класаў ужо выказалі жаданне карыстацца электроннымі грашыма.