У Мінскай вобласці працягваюць нарыхтоўку садавіны і гародніны

27 августа 2015

Тону гуркоў і паўтоны таматаў прынялі ў насельніцтва спажывецкія кааперацыі. У Мінскай вобласці працягваюць нарыхтоўку садавіны і гародніны. Закуплена каля 2 тон яблыкаў. У асноўным гэта апад і раннія сарты, прызначаныя для прамысловай перапрацоўкі. Куды можна здаць яблыкі з уласных падворкаў – раскажа Наталля Кузьміцкая. 

У першую чаргу яблыкі звозяць на харчовыя камбінаты і кансервавыя заводы, дзе іх перапрацоўваюць у пюрэ, джэмы, сокі. Прадпрыемствы спажыўкааперацыі Мінскай вобласці на гэты час нарыхтавалі больш за 2 тысячы тон яблыкаў. 
Прадпрыемствы спажыўкааперацыі па-ранейшаму гатовыя набываць у насельніцтва ўсе лішкі сельгаспрадукцыі новага ўраджаю. З 4 верасня пачнецца нарыхтоўка брусніц і журавін.

Уладзімір Апанасевіч з раніцы сустракае нарыхтоўшчыка. Нягледзячы на тое, што засушлівае надвор’е значна скараціла яблычны ўраджай, сям’я ўжо зрабіла нарыхтоўкі на зіму. А астатняе вырашылі ўсё ж такі здаць. Жартуюць, дадатковы заробак будзе не лішнім - дзецям на цукеркі.

У маршруце Мікалая Карсюка сёння 6 адрасоў. У вёсках Бабаевічы і Заполле. Да кожнага падвор’я паспее даехаць у час. У раённай спажыўкааперацыі працуюць гарачыя лініі - інфармацыя аператыўна трапляе да нарыхтоўшчыка.

З кожнага падворка сёлета атрымліваецца каля 10-15 мяшкоў, але ёсць і пастаянныя кліенты, да якіх нарыхтоўшчык ездзіць некалькі разоў на сезон.

Гэтаму яблыневаму саду больш за 60 гадоў, і кожнае лета ён пладаносіць. Сёлета гаспадар разлічвае сабраць з дрэў каля 2 тон яблыкаў, палову з іх плануе здаць.

Віктар Мардасевіч даўно жыве ў горадзе. Але ніколі не забываецца наведваць сядзібу бацькоўскую. Сад шчодра адорвае яблыкамі, грушамі і слівамі.