У Мінску завяршыўся першы дзень рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills

18 мая 2016

Свае ўменні прадэманстравалі ўдзельнікі з усёй краіны. За адзнакі журы змагаліся лепшыя навучэнцы каледжаў, ліцэяў і ПТВ больш чым у 30 кампетэнцыях. Сярод іх - дызайн адзення, афармленне вітрын, аўтамабільныя тэхналогіі і малярныя працы. Не меней адказныя заданні прыйшлося выконваць і ўдзельнікам рэспубліканскага этапу JuniorSkills. Юным канкурсантам нават прыйшлося на час стаць камандай, каб выканаць беспілотны палёт. Колькі ж часу займаюць прафзаданні? І які прыз чакае пераможцаў? Ведае Наталля Тарасюк.

19-гадовая Марыя Карпенка з Магілёва выконвае чарговае заданне конкурсу прафмайстэрства Сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў кампетэнцыі "Зварачныя працы" яна адзіная дзяўчына. Паступала ў каледж пасля дзявятага класа. Менавіта гэтая спецыяльнасць здалася ёй самай цікавай.

Футбольны манеж у Мінску, па сутнасці, на два дні стаў маштабнай вытворчай пляцоўкай. Больш як 250 канкурсантаў адначасова выконваюць заданні ў 33 намінацыях. Ад рэстараннага сэрвісу і кандытарскага мастацтва да цяслярскіх і каменных прац. Кожнаму ўдзельніку выдаецца ліст задання з апісаннем патрабаванняў, у тым ліку і па тэхніцы бяспекі. Адзнакі журы ўносіць у зводны ліст.

На стварэнне канструкцыі з цэглы і блокаў у кожнага ўдзельніка ёсць 12 гадзін. Перапынкі рабіць можна. У спісе абавязковых прыстасаванняў і прылад - амаль 3 дзясяткі найменняў. У выніку ва ўдзельніка (а інфармацыя аб кожным з іх ёсць на стэндзе, усталяваным на пляцоўцы) павінна атрымацца канструкцыя з малюнкам Нацыянальнай бібліятэкі і надпісам "Беларусь" на лацінцы.

Не меней складаныя заданні выконваюць і ў IТ-намінацыях. На распрацоўку праграмнага забеспячэння і зборку прылады адводзіцца, да прыкладу, 3 гадзіны.

Сайман Бартлі, кіраўнік міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі Worldskills International: "Я мяркую, што ўзровень спаборніцтваў у Беларусі па прафесійным майстэрстве сёлета вырас. Інавацыйныя навыкі, якімі валодаюць удзельнікі конкурсу, даюць ім шанцы ў будучыні на лепшую працу, на кар'ерны рост".

Сёлета ўпершыню пляцоўка стала і месцам для JUNIOR SKILLS. 102-х канкурсантаў падзялілі на дзве ўзроставыя групы: ад 10 да 13 гадоў і ад 14 да 17. Намінацый у некалькі разоў менш, чым у дарослых - усяго сем. Затое гэта - нейрапілатаванне, інжынерны дызайн і тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў.

Плануецца, што юныя пераможцы ўвосень гэтага года адправяцца на чэмпіянат у Расію. Не выключана, што да іх далучацца і ўдзельнікі з Прыбалтыкі.

Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі Беларусі: "Вялікая колькасць школьнікаў тут, якія бачаць новыя прафесіі. Мяркую, вочкі ў іх будуць гарэць. Ідзе збліжэнне вытворчасці і навучання. Вытворцы ўжо разумеюць: каб рабіць добрую прадукцыю, неабходныя добрыя кваліфікаваныя кадры, якія ўмеюць працаваць на самым сучасным абсталяванні".

Заўтра - апошні дзень спаборніцтваў і аб'яўленне вынікаў. Пераможцы ў 2017 годзе адправяцца на міжнародны чэмпіянат World Skills у Абу-Дабі.