У Мінску запланавана больш за паўсотню ўрачыстых мерапрыемстваў

9 мая 2014

У Беларусі ў гэтыя хвіліны па ўсёй краіне праходзяць святочныя гулянні. Толькі ў Мінску запланавана больш за паўсотню ўрачыстых мерапрыемстваў.


З самай раніцы наш карэспандэнт Ксенія Рабчынская ўжо паспела пабываць на некалькіх пляцоўках, зараз здымачная група працуе каля Палаца спорту. Пляцоўка ля Палаца спорту ўжо па традыцыі становіцца адным з галоўных святочных пунктаў на карце Мінска ў гэты дзень. Тут ужо праз некалькі хвілін пачнецца вялікі святочны канцэрт: на сцэну выйдуць некалькі дзясяткаў творчых калектываў і выканаўцаў. За два крокі ад сцэны разгарнуўся горад майстроў, дзе можна набыць сувеніры з беларускім акцэнтам - кірмаш тавараў ручной работы расцягнуўся на некалькі дзясяткаў метраў.


І ў гэтыя ж хвіліны тут, на пляцоўцы каля Палаца спорту, адкрываецца адна з трох зон гасціннасці чэмпіянату свету па хакеі. Тут можна купіць сувеніры з сімволікай першынства: гэта шайбы, кубкі, футболкі і многае іншае. Тут чутная замежная мова, турысты і балельшчыкі з усіх куткоў свету ў цэнтры Мінска разам з беларусамі адзначаюць адразу 2 святы: і, пагадзіцеся, без нашай агульнай перамогі не было б і вялікага хакейнага форуму.


Сотні маленькіх беларусаў выйшлі са сваімі бацькамі на прагулку. Для дзяцей адной з галоўных святочных пляцовак стала дзіцячая чыгунка імя Заслонава: своеасаблівая экскурсія па Мінску на цягніку карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў святы.


А зусім недалёка, у Батанічным садзе, перадаюць мае калегі, сёння праходзіць парад цюльпанаў: святочную маляўнічую феерыю можна ўбачыць да 17 гадзін.


А тут, каля Палаца спорту, гукі музыкі на канцэртнай пляцоўцы сціхнуць толькі ў 11 гадзін вечара: завершыцца свята вялікім салютам, і не адным - пераможныя залпы размалююць неба над Мінскам адразу ў некалькіх раёнах горада. Піратэхнікі абяцаюць, што шоу будзе яркім. Прыходзьце - не пашкадуеце. І яшчэ раз з Днём Перамогі, беларусы. Карэспандэнты Агенцтва тэленавін ва ўсіх пунктах краіны і, вядома, сталіцы працягнуць распавядаць пра самыя яркія і цікавыя святочныя пляцоўкі і падзеі.