У Мінску выбралі лепшага дарожнага рабочага

15 мая 2015

Працаваць хутка і якасна. Конкурс "Мінскі майстар" прайшоў сёння ў сталіцы. Выбралі лепшага дарожнага рабочага. Адзінаццаць удзельнікаў прайшлі тры этапы – тэарэтычны конкурс і два практычныя заданні.

За спрытнай працай майстроў назірала і Антаніна Станкевіч. Канкурэнцыя сёння даволі высокая. Удзел у конкурсе прымае мінулагодні трыумфатар – майстар з Першамайскага раёна Васіль Каляда. Усяго за 5 хвілін ён выразае акуратную ямку, на прафесійнай мове дарожнікаў - карту. Такі рэкорд пабіць даволі няпроста.

Журы звяртае ўвагу не толькі на хуткасць, але і на якасць. Такая латка павінна пратрымацца на дарозе доўгі час. А таму спецыяльная камісія ўважліва сочыць за выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў.

Удзел у конкурсе прымаюць 11 майстроў – з усіх арганізацый сталічнага гаррамаўтадара. А ўжо пасля абвяшчэння вынікаў іх можна будзе сустрэць на вуліцах горада. Працу для канкурсантаў сёння ніхто не адмяняў.

Лепшых у прафесіі чакае не толькі прызнанне калег і падзякі кіраўніцтва, але і грашовыя прэміі. За першае месца - мільён восемсот рублёў, за другое і трэцяе – мільён чатырыста і мільён дзвесце адпаведна.