У Мінску выбіраюць лепшых гарадскіх азеляніцеляў

8 июня 2016

Дываны з кветак, ракарыі і альпійскія горкі. У Мінску выбіраюць лепшых гарадскіх азеляніцеляў. Сёння ў дзіцячым парку імя Горкага праходзіць фінал гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар - 2016". За званне лепшых рабочых зялёнага будаўніцтва змагаюцца дзесяць каманд. Кожная прапаноўвае на суд журы арыгінальную кветкавую кампазіцыю з казачным сюжэтам.

Надзея Сербіненка даведалася, як стварыць незвычайную клумбу. Юлія і Павел на конкурсе лепшых гарадскіх азеляніцеляў прадстаўляюць Першамайскі раён. Штодзень яны ствараюць кветкавыя кампазіцыі ўздоўж праспекта Незалежнасці, у Зялёным Лузе, каля Нацыянальнай бібліятэкі і метро Уручча. Сёння аб'ект для творчасці – невялікая клумба ў парку Горкага. Прафесійнае журы ацэньвае клумбы канкурсантаў адразу па некалькіх крытэрыях: каларыстыка кампазіцыі, правільнасць разбіўкі, падбор расады і якасць пасадкі. На стварэнне ажурных узораў – усяго дзве гадзіны.

Пасадачны савок – галоўны інструмент рабочага зялёнага будаўніцтва, з яго дапамогай і ствараюць такія кампазіцыі. У якасці яркіх фарбаў – кветкі. У гэтым выпадку гэта аранжавыя аксаміткі гатунку "купідон".

Фінал конкурсу ўключае некалькі этапаў. Удзельнікі спачатку паспаборнічалі ў тэарэтычных ведах, а потым дэманстравалі прафесійнае майстэрства на практыцы. Хтосьці рабіў акцэнт на кветкавыя дываны, хтосьці - на дэкаратыўныя насыпы і драўляныя канструкцыі.

Усе ўдзельнікі прытрымліваюцца галоўных правіл гарадскога азелянення: кветкі павінны быць устойлівымі да перападаў тэмператур, недахопу вільгаці ў глебе і мець прыгожы выгляд як мінімум тры месяцы.

Сёлета ў спіс канкурсантаў "Мінскага майстра" ўключаныя і новыя прафесіі: машыніст вышыннага крана, урач-педыятр, журналіст гарадскіх СМІ, метролаг і аграхімік. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу прафмайстэрства запланавана на дзявятае верасня.