У Мінску ўспамінаюць сумную дату. 75 гадоў таму было знішчана Мінскае гета

22 октября 2018

Да журботнай гадавіны ў Беларусі прымеркавалі маштабную праграму Дзён памяці. Зварот да суайчыннікаў і замежных гасцей накіраваў Прэзідэнт Беларусі.

"У гэты Дзень памяці мы ўспамінаем усе вядомыя гета, усіх ахвяр нацызму, смуткуем па забітых, падзяляем гора тых, хто выжыў, але страціў родных і блізкіх. Дзякуем жыхарам Беларусі, якія, рызыкуючы сабою, ратавалі вязняў, за што ўдастоеныя высокага звання "Праведнікі народаў свету". Наша зямля, дзе загінуў кожны трэці жыхар, прасякнутая слязамі бязвінных людзей, дала новыя парасткі. Выгадавала пакаленне, якое памятае ўрокі гісторыі і беражэ мір. Але планета зноў апускаецца ў пекла рэлігійных, міжнацыянальных і палітычных канфліктаў. Усім, хто сёння забыў або, на сваё шчасце, не ведаў гора вайны, мы не стомімся паўтараць. Адзінае, за што мы павінны змагацца, - гэта жыццё чалавека. Толькі яно мае сэнс і каштоўнасць на зямлі", - гаворыцца ў звароце Прэзідэнта.

Праграму Дзён памяці ў сталіцы сёння адкрыў мітынг-рэквіем ля мемарыяльнага комплексу "Яма". Ушанаваць памяць бязвінна загінуўшых 100 тысяч яўрэяў сюды прыйшлі больш за тысячу чалавек. Сярод іх прадстаўнікі 36 краін: палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы, вязні і праведнікі народаў свету - нешматлікія пакінутыя ў жывых сведкі тых падзей.

Наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская пра журботны дзень і памяць, якую трэба захоўваць дзясяткі і сотні гадоў, каб такой трагедыі ніколі не паўтарылася.

У Нацыянальным архіве Беларусі нам паказваюць следчую справу Эрнеста Эрнеставіча Хюбнера, афіцэра германскай арміі. Адзін з 16 нацыстаў, ён паўстаў перад судом БССР у 1946, на першым з чатырох беларускіх, адкрытым паказальным працэсе - на Мінскім. Судзілі карнікаў за ліквідацыю Мінскага гета.

18 тамоў па 70 старонак сведчаць: юрыдычная працэдура над забойцамі праведзеная па ўсіх нормах - перакладчык, абаронца, паказанні сведак. Тое, што ўчынялі гітлераўцы, ніякім законам не паддаецца.

Каля 400 месцаў ізаляцыі па нацыянальнай прыкмеце па ўсёй карце акупіраванай Беларусі. Многіх пасля ліквідацыі мясцовых гета перапраўлялі ў канцлагеры Еўропы. Пакуты працягваліся. Не ўсе змаглі выжыць. Але Навуму Хефецу, які прайшоў пасля Мінска Майданек, Асвенцім і яшчэ з дзясятак фабрык знішчэння, пашанцавала. Сёння ён адзін з 79 вязняў, якія сведчаць.

Навум Аркадзьевіч сярод прысутных на "Яме". Мемарыял сёння стаў месцам сустрэчы тых, каму балюча нават праз 75 гадоў, што прайшлі пасля трагедыі.

Больш за тысячу чалавек. Прыехалі з усіх куткоў Беларусі. Вязні-сведкі, праведнікі народаў свету - тыя, хто хаваў яўрэяў. Іх спадчыннікі. Вядучыя з канфесій краіны - на агульнай памінальнай малітве.

Тут не проста мемарыял. "Яма" - рэальнае месца трагічнай гісторыі.

Тут у рамках знішчэння Мінскага гета нацысты расстралялі больш за 5 тысяч прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці. Усяго за час існавання Мінскага гета загінулі звыша 100 тысяч яўрэяў, не толькі беларускіх, але і дэпартаваных з краін Еўропы. Па ўсёй Беларусі ў вялікіх і малых гета былі закатаваныя і забітыя больш за 800 тысяч чалавек.

825 дзён мінскага халакосту тых 40-х успаміналі сёння ў мірнай і спакойнай сталіцы. Беларусь як унікальны прыклад талерантнасці і прыязнасці. Краіна, дзе ў добрасуседстве і супрацоўніцтве ўжываюцца прадстаўнікі больш як 140 нацыянальнасцяў і 25 канфесій. Гэты лейтматыў з трыбуны гучаў сёння на розных мовах - гасцямі Дзён памяці і ўдзельнікамі мітынгу сталі прадстаўнікі 36 краін свету.

Калісьці закрыты горад у горадзе - гета па сённяшняй вуліцы Мельнікайтэ. Зараз тут мірны квітнеючы раён. Новая Беларусь падкрэсліла павагу і памяць, узвёўшы тут манумент. І хоць месца называецца трагічна - "Яма", скульптурная кампазіцыя падкрэслівае самае галоўнае - веліч чалавека над любым болем.