У Мінску ўключылі фантаны

14 апреля 2017

Сёння ў Мінску ўпершыню пасля зімы ўключылі фантаны. Музычныя, танцуючыя, з рознакаляровым падсветам. Усяго 34 дэкаратыўныя крыніцы. Адкрыццё сезона па традыцыі праходзіць ля самага вялікага фантана - каля Тэатра оперы і балета. На пляцоўцы выступаюць балетныя калектывы, аркестр. Суправаджае свята галоўны гараднічы. Карэспандэнт Юлія Токар зараз на сувязі са студыяй.

Сапраўды, літаральна ў гэтыя хвіліны тут, ля Тэатра оперы і балета, пачалося воднае шоу. Самы вялікі каскадны фантан заіскрыўся серабрыстымі струменямі. І зараз бруі сінхронна апускаюцца і ўзнімаюцца да 10 метраў у вышыню. Першы адметны танец вады ладзіўся ва ўнісон гімну Мінска.

Адкрыццё фантанаў суправаджалася выступленнем балетных артыстаў, канцэртнага аркестра і вакальных салістаў - сёлета акцэнт зрабілі на танцавальных шоу і піратэхнічных спецэфектах. А віртуозным дырыжорам воднага свята стаў па традыцыі галоўны гараднічы.

Гэтым вечарам водны старт дадзены ўсім дэкаратыўным крыніцам горада. Сёлета іх 34 (больш, чым летась) - святлодынамічныя, з амфітэатрам і ў выглядзе шырмы, у кожнага свае візуальныя асаблівасці.

Наперадзе ў сталічных фантанаў каля 200 уключэнняў. Шэсць месяцаў яны будуць радаваць мінчан сваёй прахалодай у гарачыя дні. Закрыццё сезона варта чакаць напрыканцы верасня.