У Мінску спецыялісты астуджваюць дарожнае пакрыццё

29 июня 2020
Анамальная спякота небяспечная для дарожнага пакрыцця. Асфальт у літаральным сэнсе плавіцца. Спецыяльныя палівальныя машыны астуджваюць палатно. Пад асаблівым кантролем шырокія праспекты і найбольш ажыўленыя ўчасткі дарог. 

Паліваць іх пачынаюць, калі тэмпература асфальту дасягае дваццаці пяці градусаў. У найбольш гарачы час дня спецтэхніка выязджае ў горад кожную гадзіну. Да працэсу далучыўся Ілья Цвяткоў.

Вуліца Арлоўская зараз рыхтуецца прымаць водныя працэдуры. Цэлая эскадра спецтэхнікі будзе паліваць дарожнае пакрыццё, каб асвяжыць асфальт у гарачае надвор'е.

Як толькі тэмпература паветра паднімаецца вышэй за дваццаць пяць градусаў, палівальныя машыны актыўна астуджваюць галоўныя і самыя загружаныя гарадскія артэрыі. У найбольш спякотныя дні спецтэхніцы даводзіцца выязджаць у горад кожную гадзіну. Паліваюць з разліку літр вады на адзін квадрат дарогі.

Мікалай Шуміла кіруе аквацыстэрнай на колах ужо не першы год. Паводле слоў спецыяліста, у яго працы галоўнае - не ствараць небяспечных сітуацый на дарозе, бо тэхніка складаная і габарытная.

Тэмпература плаўлення асфальту - 50 градусаў. Калі слупкі тэрмометраў імкнуцца да плюс 30, ад спёкі і шчыльнага руху дарога можа нагрэцца да крытычнай адзнакі. Таму частае астуджванне - абавязковая мера.

Кароткачасовыя дажджы ў гарачае надвор'е - у дапамогу дарожным службам. Мокры пасля ападкаў асфальт прасцей ачысціць ад смецця.

Такія ж мабільныя палівальшчыкі сілкуюць вадой і расліны. У начны час яны дадаюць вільгаці кветкавым клумбам і дрэвам уздоўж дарог.