У Мінску разбіраюцца з аўтахламам

19 октября 2020

Каб вызваліць парковачныя месцы, пазбаўляюцца ад аўтахламу. У сталіцы налічваюць каля тысячы аўтамабіляў, якія доўгі час не выкарыстоўваюцца. Аднак толькі частка з іх прыведзена ўладальнікамі ў належны стан. Пасля таго як тэрмін, адведзены на рэанімацыю аўто, заканчваецца, транспартны сродак вывозяць на штрафстаянку. А забраць аўтамабіль можна, атрымаўшы даведку ў адміністрацыі свайго раёна. Пасля заканчэнні тэрміну захоўвання аўто са штрафстаянкі дпраўляецца на перапрацоўку.

Пра збор "аўтапралесак" у Мінску Ілья Цвяткоў.

Пакінутыя і забытыя. Але галоўнае - яны займаюць парковачныя месцы ў дварах сталічных шматпавярховак. Праблема аўтахламу ў Мінску па-ранейшаму стаіць востра. Зараз у горадзе каля тысячы такіх машын.

Аляксей Манохін, галоўны спецыяліст аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска: "Прадаюць сваё аўто па даверанасці без пераафармлення, потым гэты аўтамабіль прадаецца яшчэ камусьці, і так па коле. Далей кідаюць яго на паркоўцы. А першы ўладальнік упэўнены, што да гэтага аўто не мае ніякага дачынення. Яшчэ часта бываюць машыны пасля ДТЗ. Яны ўжо на кантролі і Следчага камітэта, і РУУС. Мы іх таксама эвакуіруем, але для іх асобныя тэрміны".

Эвакуацыя "пралесак" адбываецца праз месяц пасля адпраўкі гаспадару паведамлення. І калі раней уладальнікі аўтахламу перавозілі свой забыты транспарт з адной паркоўкі на другую, зараз справы ідуць інакш. У Фрунзенскім, Маскоўскім раёнах ужо працуе спецыяльны дадатак па рэгістрацыі аўто не на хаду. А да канца кастрычніка праграму асвояць і ў астатніх раёнах Мінска.

Анастасія Хахуліна, начальнік юрыдычнага сектара ТАА "Белспецаўтаэвакуацыя": "Любая ўпаўнаважаная асоба адміністрацый можа карыстацца гэтым дадаткам і фарміраваць запыты, пасля чаго мы прыязджаем на месца, фіксуем, уносім у базу транспартны сродак".

Электронны журнал дапамагае спецыялістам весці строгі ўлік аўтахламу. Для кожнага пакінутага аўто ствараюць свой пашпарт - з фатаграфіямі і ўсімі неабходнымі дадзенымі.

Пасля афармлення дакументаў аўтахлам адпраўляецца на спецыяльную стаянку. Тут некаторы час машыны чакаюць сваіх уладальнікаў.

Міхаіл Філіпаў, намеснік гендырэктара ДА "Гаражы, аўтастаянкі, паркоўкі": "Машына заносіцца ў кнігу. Праводзяць прама на месцы яе агляд, апячатваюць. Далей складаецца акт у трох экзэмплярах. Адзін адпраўляецца ўладальніку, другі ў адміністрацыю, трэці нам. І з гэтага моманту ўжо пачынаецца тэрмін знаходжання аўто ў нас".

На такіх стаянках можна знайсці сапраўдныя рарытэты аўтамабілебудавання - як імпартнага, так савецкага. Але назіраць за такім "музеем" можна будзе нядоўга - праз тры месяцы (а для аўто без нумароў праз пяць) увесь аўтахлам забяруць на перапрацоўку.

І ўсё ж часцей за ўсё гаспадар пакінутага аўто знаходзіцца. Аўтаўладальнікі плацяць за знаходжанне свайго транспарту на штрафстаянцы і атрымліваюць папярэджанне - адрамантаваць машыну або пераставіць на ахоўную паркоўку.