У Мінску раскрылі таямніцы Алімпійскіх гульняў мінулых гадоў

12 мая 2014

На выставе ў гістарычным музеі Беларусі паказаныя асабістыя рэчы нашых спартсменаў, фотадакументы і рэдкія музейныя прадметы, якія раней не выстаўляліся.


Беларусь алімпійская - у рэпартажы Алены Борматавай.


Даша Домрачава засталася без алімпійскага касцюма. Але яго, як і аўтограф спартсменкі з малюнкам сонца, да канца месяца можа ўбачыць кожны - у музейнай экспазіцыі форма, у якой Домрачава выступала ў Ванкуверы.


Арыгіналы залатых сочынскіх медалёў на экспазіцыйны час аддалі нашы фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір.


Чорна-белы фотаздымак легендарнай Святланы Парамыгінай. Студзень 1994. Раўбічы, падрыхтоўка да Алімпіяды ў Лілехамеры. Першай, дзе нашы спартсмены выступалі пад беларускім флагам. Прыклад яе вінтоўкі з бярозы рабілі іжэўскія майстры. З ёй яна і заваявала самы цяжкі ў прамым і пераносным сэнсе сярэбраны медаль для суверэннай Беларусі.


У адной выставачнай зале аб'ядналі адразу з дзясятак Алімпійскіх гульняў - усе, дзе ўдзельнічала Беларусь як незалежная краіна. Апроч асабістых рэчаў спартсменаў, рэдкія музейныя прадметы і фотаздымкі карэспандэнтаў БелТА, дзе занатаваны моманты алімпійскага трыумфу беларусаў.


Даведацца пра гісторыю Беларусі алімпійскай можна штодня да 9 гадзін вечара. Спецыяльна да чэмпіянату свету па хакеі Нацыянальны гістарычны музей Беларусі пераходзіць на новы графік працы. Калі будуць індывідуальныя заяўкі, музей абяцае працаваць да апошняга наведвальніка.