У Мінску прайшла цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць аб першай гуманітарнай місіі ААН

19 октября 2015

Сёння ў Лошыцкім парку cталіцы прайшла цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць аб першай гуманітарнай місіі ААН, створанай адразу пасля Другой сусветнай вайны.

У доме-музеі "Лошыцкая сядзіба" і размяшчаўся офіс місіі. Яна прапрацавала ў Мінску крыху больш чым год. Па яе лініі ў нашу краіну дастаўлялася гуманітарная дапамога ў выглядзе харчавання, адзення, насення з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канады, ЗША, Францыі для аднаўлення разбуранай падчас вайны эканомікі. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд і пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Санака Самарасінха, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "Гэтае мерапрыемства прысвячаецца нашаму супрацоўніцтву, якое пачалося 70 гадоў таму. Сёння Менск вельмі прыгожы горад, але пасля Другой сусветнай вайны Мінск стаяў у руінах і змагаўся з голадам і галечай. Мы спадзяемся, што ніколі ў будучыні гэтага не паўторыцца. Усе беларусы пасляваеннага часу цаглінка за цаглінкай выбудоўвалі сваё жыццё зноў, для таго каб пакінуць добрую спадчыну для сваіх дзяцей і ўнукаў. Сёння мы святкуем той дзень, які адзначыў першую прысутнасць ААН у Рэспубліцы Беларусь".

Адкрыццё памятнага знака прымеркаванае да святкавання 70-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны і 70-годдзя з дня заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.