У Мінску адкрылі дзіцячы садок на 190 месцаў

15 декабря 2015

Дарэчы, зараз у сталіцы прадпрымальніцкія здольнасці будуць развіваць з дашкольнага ўзросту. Сёння ў Мінску адкрылі дзіцячы садок на 190 месцаў. Тут выхаванцам будуць выкладаць фінансавую навуку. Сур’ёзныя веды дзеці атрымаюць у гульнявой форме ў спецыяльным камп’ютарным класе. Яшчэ ў садку ёсць харэаграфічная, трэнажорная і музычная залы, а таксама басейн. Для кожнай узроставай групы прадугледжаны спартыўны гарадок і пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху. Аляксандра Драгун пабывала на наваселлі.

Алена Лістапад з хваляваннем сочыць, як яе сыны асвойваюцца ў новай групе. Але браты Саша і Цімафей быццам не заўважаюць прысутнасці старэйшых – з цікаўнасцю вывучаюць новыя цацкі, гульнявы пакой і знаёмяцца з іншымі дзецьмі.

Сёння дзіцячы садок нумар 28 адчыніў дзверы амаль для 200 выхаванцаў. Таму ў гонар свята замест дзённага сну дзятву забаўлялі аніматары і роставыя лялькі.

У дзіцячым садку 10 груп. На першым паверсе размясціўся басейн на 20 кубоў, харчблок і рэсурсныя; на другім паверсе – музычная зала, медыцынскі блок і камп’ютарны клас. Выхоўваць і вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак тут будуць амаль 30 чалавек.

У дзіцячым садку выхаванцы змогуць займацца гімнастыкай, вучыцца плаваць ці асвойваць фінансавую грамату. Сумесна з Нацыянальным банкам тут рэалізуюць сур’ёзны праект. Пры дапамозе спецыяльнай камп’ютарнай праграмы і літаратуры ў дашкалят будуць развіваць прадпрымальніцкія здольнасці.

Веды дзятва будзе атрымліваць у гульнявой форме ў спецыяльным класе. У дзіцячым садку ёсць трэнажорная зала і памяшканне для заняткаў фізкультурай. Звонку для кожнай узроставай групы прадугледжаны гульнявыя, спартыўны гарадок і пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху.

Адкрыццё дзіцячага садка прымеркаванае да дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая будзе крочыць па краіне да 10 студзеня. У гэтым жа Цэнтральным раёне Мінска 29 снежня адзначаць наваселле ў садку нумар 32, дзе будуць вучыць і выхоўваць 100 дашкалят.