У Мінску абмяркоўваюць, як выяўляць злачынныя грашовыя патокі ў Інтэрнэце

26 ноября 2018

Гэтымі днямі ў Мінску беларускія і міжнародныя эксперты ад АБСЕ абмяркоўваюць, як выяўляць злачынныя грашовыя патокі ў Інтэрнэце. У сталіцы праходзіць семінар па барацьбе з карупцыяй і фінансавымі злачынствамі, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем новых тэхналогій. Як адзначаюць удзельнікі форуму, біткоінамі сёння актыўна карыстаюцца ашуканцы, наркадылеры і нават тэрарысты, якія з дапамогай крыптавалют спрабуюць схаваць крыніцы фінансавання сваёй дзейнасці. Як выяўляць такія фінансавыя патокі і змагацца з Darknetом - прапанавалі беларускія супрацоўнікі фінансавай міліцыі.

Аляксандр Пракапенка, намеснік начальніка 3-га ўпраўлення ДФР Камітэта дзяржкантролю Беларусі:

"Самая асноўная праблема ў дадзенай сферы - гэта дэанамізацыя ўдзельнікаў такіх плацяжоў. У Рэспубліцы Беларусь ёсць пэўныя напрацоўкі. Сёння яны будуць прадэманстраваны на дадзеным семінары плюс тая інфармацыя, якую мы атрымаем ад замежных экспертаў, іх вопыт. Я думаю, аб'яднаўшы гэта, можна будзе даваць нейкія рэкамендацыі".

Аляксей Фяшчэнка, саветнік па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму УНЗ ААН:

"Калі мы з вамі перадаём адзін аднаму наяўныя, гэтага ніхто не бачыць, у кожнай валюце няма датчыка, які перадае сігнал. Гэтак жа і крыптавалюта. Яны нябачныя, калі яны знаходзяцца ў абароце ў віртуальным свеце. Але вы не купіце за біткоіны дом, вы не купіце за біткоіны машыну. Усё роўна злачынцам трэба вяртацца ў рэальны свет, і ў гэты момант яны ўразлівыя".

Паказальны прыклад, як змагацца з незаконнымі здзелкамі з крыптавалютамі, напярэдадні прадэманстравалі нашы праваахоўнікі. У Беларусі спынена першая спроба дачы хабару біткоінамі. Аднак крымінальная справа была ўзбуджана па артыкуле "Махлярства", паколькі пасрэднік не перадаў хабарніку незаконную ўзнагароду.