У МНС Беларусі вызначаныя патрабаванні да правядзення стрэс-тэстаў на беларускай АЭC

20 апреля 2017

Комплекс мер накіраваны на павышэнне надзейнасці будучай станцыі. Паводле планаў, запрацуе яна ўжо ў 2019-м. Зараз ідзе мантаж асноўнага абсталявання першага энергаблока, другі гатовы напалову. Працягваецца праца і па падрыхтоўцы персаналу. Падрабязнасці - у матэрыяле Юліі Грызунт.

Гэта - навучальна-трэніровачны цэнтр Беларускай АЭС. Сюды з 2014-га штодня на працу прыходзяць будучыя атамшчыкі. Якую б ВНУ не закончыў патэнцыйны працаўнік, ён пройдзе тры этапы падрыхтоўкі: тэорыя, практыка і стажыроўка. Яна, дарэчы, праходзіць на высокатэхналагічным абсталяванні, і навучальным яго складана назваць.

Усяго на галоўнай будоўлі краіны працуюць пяць тысяч чалавек. З запускам энергаблокаў штат, зразумела, скароціцца, пакуль вялікая частка працаўнікоў - гэта будаўнікі і інжынеры.

Зараз яны працягваюць мантаж сэрца першага энергаблока Беларускай АЭС. На ўсталёўку корпуса рэактара пайшло каля двух дзён. Задача ювелірная - корпус даўжынёй 11 метраў і вагой больш за 330 тон змяшчаюць у шахту, пры гэтым дапушчальнае адхіленне - усяго 1 міліметр.

З моманту першага бетону на АЭС ужо зманціравана 119 тысяч тон арматуры і выкладзена 755 тысяч кубічным метраў бетону. Лічбы ўражваюць, але яшчэ больш - факты. Ахоўная абалонка першага энергаблока - 1 метр 20 сантыметраў, плюс 80 сантыметраў - знешні контур. Заканчваецца і ўзвядзенне купала першага энергаблока. У цэлым, яго гатоўнасць - каля 70%, там манціруецца асноўнае абсталяванне. Вядуцца і працы на другім энергаблоку - там ужо дасягнулі паловы гатоўнасці. У цэлым, Беларуская АЭС - праект адкрыты. Мы гатовыя ўзаемадзейнічаць з суседнімі краінамі і адкрытыя для дыялогу з усімі. Галоўнае - бяспека, і тут няўхільна выконваюцца ўсе патрабаванні МАГАТЭ, зрэшты, спецыялісты з міжнароднага агенцтва не раз асабіста наведвалі пляцоўку. Акрамя таго, летась праведзеныя і першыя стрэс-тэсты, нацыянальны даклад па выніках зараз рыхтуюць у Дзяржатамнаглядзе. У МНС вызначаныя спецыяльныя патрабаванні да іх правядзення. Усе гэтыя меры павышаюць надзейнасць АЭС.

Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі Беларусі: "Гэта самы сучасны праект, які сёння прапаноўваецца на рынку ядзерных тэхналогій. Наша тут задача забяспечыць якасць таго абсталявання, якое вырабляецца на заводах. Мы забяспечваем і вельмі жорстка прымаем якасць будаўніча-мантажных прац".

Паводле разлікаў, у першым квартале 2019 года ў актыўную зону на першым энергаблоку загрузяць паліва. Гэты працэс займае каля двух тыдняў. Ужо вядома, што ў запуску АЭС будуць прымаць удзел атамшчыкі, у якіх ёсць вопыт запуску іншых атамных электрастанцый.