У карагод вакол навагодняй ёлкі

29 декабря 2015

У карагод вакол навагодняй ёлкі разам з выхаванцамі Бярозкаўскай сада-школы сёння стаў Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі. У навучальнай установе прайшоў шумны карнавал з прыгодамі, песнямі, яркімі касцюмамі і жартамі. Госці прывезлі ў падарунак кожнаму навучэнцу ласункі. І не толькі... Сапраўдным сюрпрызам стаў мікрааўтобус ГАЗЕЛЬ для падарожжаў, экскурсій і паездак на прадметныя алімпіяды. Ключы ад аўтамабіля міністр юстыцыі перадаў дырэктару школы. Але і на гэтым падарункі не скончыліся. Сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара пад навагоднюю ёлку паклаў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. Сувеніры кожнаму ўдзельніку карнавала падарыў і галоўны навагодні чараўнік - Дзед Мароз.

Праз чатыры гады Бярозкаўская сярэдняя школа адзначыць стагоддзе з дня заснавання. Сёння тут вучацца дзеці з шасці вёсак Докшыцкага раёна. Над школай Міністэрства юстыцыі шэфствуе ўжо 10 гадоў. З падарункамі і віншаваннямі сюды прыязджаюць не толькі перад Новым годам, але і ў іншыя святочныя дні.