У Гродна даставілі помнік Давыду Гарадзенскаму

4 декабря 2017

Гродна сёння здабыла доўгачаканы арт-аб'ект. З Мінска даставілі помнік адной са знакавых фігур гісторыі - старасту Гродзенскага замка Давыду Гарадзенскаму. Афіцыйная ўстаноўка скульптуры запланавана на май 2018, а пакуль памятны знак будзе беражліва захоўвацца на спецыяльна адведзенай тэрыторыі адной з праваслаўных цэркваў горада. Мемарыял надзейна ўпакаваны і пакуль схаваны ад вачэй. Наталля Бардзілоўская атрымала эксклюзіў для "Панарамы".

Два з паловай метры ў вышыню і вагой амаль 9 тон. Камень – граніт. Рэдкая парода светла-шэрага колеру, радовішча якой сёння знаходзіцца толькі ў Расіі, Башкірыі. Менавіта адтуль спецыяльна для вырабу помніка валун даставілі ў Мінск. Аўтар скульптуры максімальна імкнуўся захаваць цэльнасць глыбы, каб падкрэсліць сам характар Давыда Гарадзенскага, характар непераможнага воіна.

Суровы ўпэўнены твар. У левай руцэ, пакладзенай на сэрца, трымае латунны крыж. Пакорлівы гаспадару конь схіліў галаву. Ля падножжа – замак Гародні часоў Вялікага княства Літоўскага, ахове якога ад тэўтонцаў палкаводзец аддаў жыццё. З адваротнага боку – Каложская царква, побач з якой Давыд Гарадзенскі быў пахаваны. Праўнук Аляксандра Неўскага, герой зямель заходнебеларускіх быў воінам, які не ведаў ніводнага паражэння ў баях. Чалавек глыбокай веры і драматычнага асабістага лёсу: крыжаносцы ў помсце забілі ўсю яго сям’ю. Камень падкрэсліў трагізм гераічнай асобы. Гарадзенскі адпавядае аўтэнтычна свайму часу: у аснове стылю скульптурнай работы сярэдневяковая стрыманасць, лаканічнасць ліній і форм.

З гранітам Аганаў працуе не першы раз - летась прадэманстраваў скульптуру Анастасіі Слуцкай – мікс: граніт і бронза. Але аб'ёмы матэрыялу непараўнальна іншыя. Амаль дзевяць тон фігура помніка і дзевяць тон яго пастамент. Таксама граніт, але цёмны. Усяго ж у Мінск з Мансураўскага радовішча прыбыло 20 тон каменя. Перш чым трапіць да мастака, маналіт на працягу чатырох месяцаў апрацоўвалі пяць каменячосаў.

На рахунку гэтых унікальных майстроў – помнік Клімуку ў Брэсце, крыж у Хатыні, фантан «Перамога» на Камсамольскім возеры Мінска. Каменячосы працуюць з сотняй каменных парод, здабытых у Расіі, ва Украіне, у Еўропе. Нядаўна ўзвялі помнік Расціславу Янкоўскаму на Усходніх могілках. З гэтымі рамеснікамі супрацоўнічалі мастакі: Іван Міско, Канстанцін Селіханаў і Генадзь Буралкін, які дзяліў адну пляцоўку са стваральнікам гранітнага Давыда Гарадзенскага.

Падняць і транспартаваць такі манумент – асаблівае мастацтва. 25-тонны пад'ёмны кран і фура МАЗ спраўляюцца з задачай. Менавіта ў гэтыя хвіліны гранітны Давыд Гарадзенскі на пад'езде ў Гродна.