У Год культуры адразу некалькі юбілеяў у Акадэміі мастацтваў

6 апреля 2016

Адразу дзве круглыя даты: кафедры прамысловага дызайну - 50, а факультэту дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - 40. Дарэчы, і сама акадэмія некалькі месяцаў таму адзначыла сямідзесяцігоддзе. Пра тое, як развіваліся нацыянальныя дызайнерскія тэндэнцыі і спецыялісты, раскажа Вольга Мядзведзь.

Дызайн - мастацтва не з лёгкіх, асабліва калі ён у прамысловай сферы. Схемы, чарцяжы, падбор матэрыялаў, спектр колераў і выключна дакладныя матэматычныя разлікі, бо часам лішні сантыметр можа не прывесці да жаданага выніку. А плёнам творчасці з'яўляюцца не сукенкі ад-куцюр, а дызайнерскія архітэктурныя будынкі, інтэр'еры і ноу-хау-вынаходкі.

Да першага набору па спецыяльнасці "дызайнер прамысловасці" на прадпрыемствах у афармленні вырабаў дапамагалі архітэктары або аддаленыя ад гэтай сферы людзі. Але ў шасцідзясятыя пасля афіцыйнага стварэння кафедры па падрыхтоўцы прафесіяналаў пачынаць прыйшлося з нуля. Схемы, макеты, праекты стваралі ад рукі і з акварэльнымі фарбамі. Затое вынік актуальны і ў наш час.

На працягу пяці гадоў студэнты вывучаюць шэраг профільных прадметаў, якіх няма на іншых спецыяльнасцях - колеразнаўства, праектная графіка, канструяванне. Усяго з дзясятак спецдысцыплін. А ў якасці дыпломных праектаў юныя спецыялісты дэманструюць макеты дызайнерскай тэхнікі, мэблі, інтэр'ераў і нават светлавога рашэння масавых мерапрыемстваў.

Акрамя айчынных прадпрыемстваў, нашы спецыялісты запатрабаваныя і за мяжой. Сусветныя брэнды ставяць на канвеер ідэі дызайнераў з Мінска. Але далёка не ўсе эскізы дазволена папулярызаваць на радзіме - знаходзяцца пад грыфам "сакрэтна", каб пазбегнуць раскрыцця камерцыйнай таямніцы.