Сёлета медыяфорум робіць стаўку на практыку і новую хвалю медыясупольнасці - блогераў

12 сентября 2018

Медыяфорум - добрая пляцоўка для абмену вопытам і ўмацавання кампетэнцый. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям. Сёлета форум робіць стаўку на практыку і новую хвалю медыясупольнасці - блогераў. Традыцыйным СМІ неабходна не варагаваць, а цесна супрацоўнічаць з блогасферай - адзін з асноўных пасылаў на пленарным пасяджэнні форуму. Эксперты ўпэўненыя, што гэта дазволіць нават самым традыцыйным СМІ (газетам, радыё) ісці ў нагу з часам і не страчваць аўдыторыю. Але нават самыя інавацыйныя новаўвядзенні не адмяняюць залатога правіла журналістыкі - кантэнт павінен быць якасным і ўтрымліваць толькі факты.

Мерапрыемства праходзіць пад эгідай "Партнёрства ў імя будучыні". Лічбавізацыя медыяпрасторы - прыярытэт для многіх краін. І рухацца ў гэтым кірунку - значыць захаваць інфармацыйную бяспеку еўразійскіх дзяржаў. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце фэйкавых навін, якімі грашаць некаторыя замежныя СМІ.

Сёлета форум прымае каля 300 чалавек - гэта госці з трох дзясяткаў краін. Па выніках усіх пасяджэнняў падпішуць выніковы мемарандум.