У Доме прэсы два мітрапаліты гаварылі аб традыцыях Раства

15 декабря 2017

Сёння ў Доме прэсы гаварылі аб традыцыях Раства. Аб падрыхтоўцы да свята разам нагадалі два мітрапаліты. Беларусь - міжканфесійная дзяржава, у нашай краіне мірна жывуць прадстаўнікі розных рэлігій, шмат змяшаных сем'яў, адзначаюцца і каталіцкія, і праваслаўныя святы. І Раство - не выключэнне.

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

"Я шчыра радуюся таму, што Беларусь сёння з'яўляецца прыкладам для пераймання для шматлікіх краін, для шматлікіх кіраўнікоў дзяржаў. Сёння і праваслаўная царква, і каталіцкая і іншыя веравызнанні не маюць ніякіх прэтэнзій адна да адной. Мы сёння жывем у міры і згодзе. Хіба гэта не прыклад для пераймання. Вядома, добры прыклад для пераймання".

Тадэвуш Кандрусевіч, Архібіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі:

"Бог прыходзіць, трэба расчысціць яму дарогу, трэба духоўна першым чынам падрыхтаваць. Не ўсе гэтыя рэчы матэрыяльныя, потым кудысьці ў госці пойдзем, кагосьці паклічам. Усё гэта важна, усё гэта добра. Але гэта не цэнтр, гэта не тое, што мы павінны паставіць у цэнтр падрыхтоўкі да Раства. Першым чынам духоўна падрыхтаваць сваю душу, каб Хрыстос сваёй боскай ласкай нарадзіўся ў нашых душах і нашых сэрцах".

Розніца святкавання Раства ў календары - не ёсць розніца ў веры. І католікі, і праваслаўныя падкрэсліваюць, што сутнасць свята - гэта духоўнасць і міласэрнасць.