Дзень праваслаўнай кнігі адзначаецца з 2009 года. Кожны год дадае святу свой каларыт

16 марта 2018

Пра асаблівую ролю духоўнай літаратуры ў жыцці грамадства і выхаванні маладога пакалення гаварылі ў Мінску падчас Дня праваслаўнай кнігі. Святу амаль дзесяць гадоў. Яго адзначаюць у кожнай праваслаўнай епархіі Беларусі. Як друкаванае слова ўплывае на наша жыццё - рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

Дату для свята праваслаўнай кнігі абралі невыпадкова і ў гонар продкаў-асветнікаў. У сярэдзіне сакавіка 1564 года свет ўбачыла выданне "Апостал" - першы друкаваны том на тэрыторыі ўсходнехрысціянскіх зямель, праца Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, зрэшты, ускосных вучняў і паслядоўнікаў Францыска Скарыны, бо беларус усё ж такі на паўстагоддзя апярэдзіў "Апостала", надрукаваўшы ў Празе Псалтыр. Як і першыя кнігі, так і першадрукароў, місіянераў, агульнаславянскіх і беларускіх кожны год, колькі існуе "кніжнае свята", узгадваюць і ўшаноўваюць сучаснікі.

У нашай краіне дзясяткі соцень праваслаўных бібліятэк (пры храмах, духоўных школах, манастырах) і праваслаўныя выдавецтвы сёлета прэзентавалі разгорнутыя выставы-кірмашы духоўнай літаратуры, арганізавалі сустрэчы з аўтарамі кніг - паэтамі, пісьменнікамі, публіцыстамі. Удзельнікам свята была прапанавана экскурсія ва ўнікальную бібліятэку Мінскай духоўнай акадэміі. Галоўныя госці на мерапрыемствах не толькі духавенства і педагогі, але моладзь і дзятва, цікавасць якіх да жывой, класічнай кнігі сёння не такая, як у мінулых пакаленняў.

Дзень праваслаўнай кнігі адзначаецца з 2009 года і кожны год дадае святу свой каларыт. Своеасаблівасць сёлетняга святкавання – гэта дар. Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала Мінскай духоўнай акадэміі поўнае факсіміле Бібліі Францыска Скарыны. На першым томе свой аўтограф пакінуў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Павел.

Навучэнцы і прафесура духоўнай акадэміі бадай што самая першая аўдыторыя, якая павінна мець такое выданне. Зрэшты, акадэмічная бібліятэка вышэйшай навучальнай духоўнай установы Беларусі мае ўнікальны асабісты кніжны фонд, у ім – рарытэты, датаваныя 17 стагоддзем: багаслоўскія трактаты, творы святых айцоў. Што да факсіміле Францыска Скарыны – то багаты на адзнакі праект Нацыянальнай бібліятэкі ў Дзень праваслаўнай кнігі быў адзначаны царкоўнай ўзнагародай: дырэктар установы Раман Матульскі - цяпер уладальнік юбілейнага медаля ў азнаменаванне 100-годдзя аднаўлення патрыяршаства Рускай праваслаўнай царквы.