У дзіцячым лагеры «Купалінка» пад Маладзечнам - культурна-спартыўнае свята

19 июля 2018

У гэтыя хвіліны ў дзіцячым лагеры «Купалінка» пад Маладзечнам - культурна-спартыўнае свята. Для дзяцей арганізавана экскурсія спецтэхнікі ратавальнікаў, водныя забавы і цыркавое шоу. Акрамя таго, каманды з розных лагераў змагаюцца ў спартыўных эстафетах і творчых конкурсах. І як вынік - знаходзяць новых сяброў. На дзіцячым свяце пабывала Наталля Кезік.

Хто больш хуткі, моцны і гучны! Спартыўнай эстафетай сёння ў дзіцячым лагеры «Купалінка» распачалі свята «Чыстае сэрца». На спартыўна-забаўны фэст прыехалі дзеці з чатырох лагераў Мінскай вобласці.

Ілона Няхай сёння разам з сябрамі на фестываль «Чыстае сэрца» прыехала з нарачанскага берага. У «Зубраняці» школьніца адпачывае кожны год. Сёлетняя змена толькі пачалася, але важатыя паспелі выбраць лепшых атрадаўцаў, каб годна прадставіць свой лагер у спаборніцтвах.

Акцыю «Чыстае сэрца» ў лагеры пад Маладзечнам ладзяць шосты год запар. Кожны раз для дзяцей арганізоўваюць незвычайную праграму. Сёлета на злёт прыехалі ратавальнікі са сваёй спецтэхнікай і воднымі забавамі – яны прыходзяцца дзецям да спадобы незалежна ад надвор'я.

Да канца дня ў праграме фестывалю "Чыстае сэрца" яшчэ шоу артыстаў цырка і спецыяльнае выступленне чатырохлапага байца.

Абед для дзяцей у "Купалінцы" сёння таксама прыдумалі незвычайны – на свежым паветры. У палявым меню – ячная каша з мясам і чай.

Для спецыяльнага абеду салдаты падрыхтавалі больш за сто кілаграмаў кашы. Зараз мерапрыемствы ў лагеры «Купалінка» яшчэ працягваюцца. А арганізатары ўжо запланавалі наступную сустрэчу. На гэтым жа месцы разам збяруцца праз год.