У Чэрвені адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс

10 октября 2015

У Чэрвені адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. А пад Мінскам распачалі будаўніцтва новага завода па вытворчасці гіпсу. Інвестыцыі ў маштабны праект складаюць больш за 45 мільёнаў долараў. І да галоўнай палітычнай падзеі года. Больш за 7 мільёнаў бюлетэняў па ўсёй краіне падрыхтавалі да выбараў Прэзідэнта. Частку з іх беларусы ўжо запоўнілі падчас датэрміновага галасавання. Сёння ж апошні дзень, калі зрабіць выбар можна загадзя. Як працуюць выбарчыя участкі, раскажа Аляксандр Харавец.

Як працуюць выбарчыя участкі?

Сеня, у апошні дзень датэрміновага галасавання, выбарчыя ўчасткі традыцыйна адкрыліся ў 10 раніцы. З 14 да 16 гадзін у камісіі перапынак. Прагаласаваць можна да 19 вечара. Адзначу - зрабіць выбар як датэрмінова, так і ў асноўны дзень галасавання можна толькі па месцы рэгістрацыі.

Паводле закона, тлумачыць, чаму чалавек прыйшоў галасаваць датэрмінова, не патрэбна. Адны збіраюцца ў замежнае падарожжа, у іншых - свае планы на нядзелю.
Каб аддаць свой голас, трэба прад'явіць пашпарт або даведку пра страту. Вайскоўцы могуць галасаваць па ваенным білеце, служачыя - па службовым пасведчанні. Выдадуць бюлетэнь і па студэнцкім білеце, вадзіцельскім ці пенсійным пасведчаннях, але абавязкова з фота.

На гэтым тыдні пад Мінскам залажылі капсулу ў фундамент новага завода па вытвосрчасці гіпса.

Інвестыцыі ў масштабны праект складаюць больш за 45 мільёнаў долараў. Паводле слоў будаўнікоў, першыя пастаўкі сучаснага будаўнічага матэрыялу з беларускім лэйблам паступяць на рынак усяго праз 2 з паловай гады.

Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, магутнасці завода дазволяць штогод выпускаць звыш 30 мільёнаў метраў квадратных гіпсакартонных лістоў і прыкладна 100 тысяч тон сухіх будаўнічых сумесяў. Гэтага не толькі хопіць цалкам закрыць патрэбы ўнутранага рынка, а і пастаўляць лішкі прадукцыі за мяжу.

Таксама, з адкрыццём завода новыя рабочыя месцы атрымаюць каля 200-от чалавек.

Амаль што 10 тысяч жыхароў Чэрвеня атрымалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Пад адным дахам тут размясціліся гульнявая, фітнэс і трэнажорная залы, а таксама бассейн, некалькі кафэ і нават салон прыгажосці. Дзякуючы новаму ФОКу, алімпійскім чэмпіёнам збіраецца стаць і дзевяцігадовы Саша Несцяровіч. А пакуль што будучы прызёр краіны ў сваёй узроставай катэгорыі дакладна ведае, навошта трэба сур’ёзна займацца спортам.

На базе новага комплексу размясціліся шэраг гурткоў і секцый па самых запатрабаваных відах спорту. Кожны знойдзе занятак па душы. Вынікі не прымусяць сябе чакаць - упэўнена і параалімпійская чэмпіёнка Людміла Волчак.

Усяго ж у вобласці больш за дзве тысячы спартыўных аб’ектаў. Але гэта не адмяняе будаўніцтва новых стадыёнаў, басейнаў і фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў. Бо гэта своеасаблівыя інвестыцыі ў здароўе.