У Будзенічах Старадарожскага раёна адзначылі чарговае свята вёскі

14 августа 2017

Узнагароды паважаным жыхарам, вулічны гандаль і канцэрт. Так маштабна ў Мінскай вобласці адзначылі чарговае свята вёскі ў Будзенічах Старадарожскага раёна. Павіншавалі невялікае мястэчка і тыя, хто ў свой час адсюль пераехаў і дасягнуў поспехаў у жыцці, але не забывае сваю малую радзіму. Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Браты Андрэй і Сяргей Каролькі зараз бачацца нячаста – прыкладна раз-два на месяц. Старэйшы, Сяргей, працуе тут – пабудаваў кар'еру ад простага рабочага да кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Малодшы, Андрэй, пераехаў у сталіцу, зараз узначальвае абласную бальніцу. У кожнага свае клопаты і справы. І вось такая нагода – свята роднай вёскі – яшчэ адна падстава, каб сустрэцца і пагутарыць адзін з адным.

Вёска Будзенічы знаходзіцца на краі Старадарожскага раёна. Не самая вялікая – два дзясяткі дамоў па абодва бакі дарогі. У святочны дзень мястэчка нагадвае сталічную вуліцу – машын і людзей вельмі шмат. Гэта і мясцовыя жыхары, і іх дзеці і ўнукі, якія прыехалі з іншых гарадоў, каб павіншаваць сваю вёску.

Арганізацыяй і фінансаваннем такога свята таксама займаюцца мясцовыя жыхары і выхадцы з Будзенічаў. Прадпрымальнік Леанід Пархімовіч кажа, што трэба часам рабіць і штосьці для душы. Тым больш што шчырыя падзякі мясцовых – бясцэнныя.

Узнагароды і падарункі самым сталым, самым паважаным, самым маладым жыхарам. А потым святочны канцэрт і танцы да ўпаду. На такія святы ахвотна з'язджаюцца творчыя калектывы. Гасцей ад душы частуюць марожаным, блінамі і шашлыком, а самыя маленькія могуць забаўляцца на сучасных атракцыёнах.

Такія святы вёскі сёння зусім не рэдкасць. Землякі, суседзі і сваякі збіраюцца ва ўсіх раёнах цэнтральнага рэгіёна. Усе дзеля таго, каб не забываць сваю малую радзіму.