У Брэсцкай вобласці колькасць ахвяраў кляшчоў стала больш у чатыры разы

12 июня 2014
І медыкі папярэджваюць, што гэта - толькі пачатак. Пік прагназуецца на ягадны і грыбны сезон. Падчапіць паразіта можна ў парку, лесе, уздоўж рэк. У вірусалагічных лабараторыях за дзень прымаюць некалькі дзясяткаў пацыентаў. Дарэчы, сёння на наяўнасць інфекцыі даследуюць не толькі кляшчоў, але і кроў ахвяры.

Ала Корзан, урач-паразітолаг Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: Кожныя тры-чатыры гады паўтараецца цыклічны ўздым. Сёлета з цёплай і ранняй вясной, натуральна, актывізаваліся і кляшчы. Адпаведна, у нас ужо з'явіліся першыя выпадкі захворвання клешчавым энцэфалітам у маі і выпадкі лайм-барэліёзу. Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі. Пік заўсёды прыпадае на канец чэрвеня - ліпень і пачатак жніўня. Таму ў гэты перыяд неабходна быць максімальна пільным.

Спецыялісты раяць апранацца ў светлую вопратку, на ёй кляшчы больш прыкметныя. Часцей аглядаць дзяцей, карыстацца спрэямі ад насякомых і звяртацца да медыкаў пры ўкусах.